Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Мікалай Кукліс вынес папярэджаньне газэце "Наша ніва" за публікацыю ў № 14 артыкулу "Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спэцслужб".

Былы палкоўнік вайсковага спэцназу выказваў у ім сваё меркаваньне, што за тэрактам мог стаяць хтосьці ва ўладзе, зацікаўлены ў дэстабілізацыі становішча ў краіне. Прадстаўнік пракуратуры перадаў папярэджаньне рэдактару "Нашай нівы" Андрэю Скурку ў рэдакцыі газэты, узяўшы тлумачэньне па факце публікацыі, паведаміў "Свабодзе" Андрэй Скурко:

"У тлумачэньні мы напісалі нашае бачаньне гэтых падзей, што газэтная паласа "Камэнтары і меркаваньні" для таго і прызначаная, каб на іх зьмяшчаліся розныя меркаваньні адносна важных для грамадзтва падзей. Што гэтым матэрыялам мы ніякім чынам не спрабавалі сеяць страх і паніку ў грамадзтве і тым больш не дыскрэдытаваць нейкія грамадзкія органы і органы ўлады. На маю думку, гэты матэрыял нічым не парушаў існыя законы. Аспрэчыць гэтае папярэджаньне можна ў Генэральнага пракурора, паколькі папярэджаньне вынес намесьнік. Адпаведна, мы будзем яго аспрэчваць.

Зараз мы жывем у гарачы час: і эканамічныя абставіны гэтак складаюцца, і, на вялікі жаль, трагічныя падзеі адбываюцца, і палітычны фон досыць наэлектрызаваны. Зразумела, што да незалежнай прэсы зараз вялікая ўвага. І вялікае жаданьне яе прыцішыць і абмежаваць. І разгортваецца ўсё гэта, на жаль, лягічна.

Я спадзяюся, што і ва ўладных структурах, і ва ўсіх астатніх сэгмэнтах грамадзтва хопіць мудрасьці і розуму для таго, каб сапраўды ня сеяць страх і паніку сярод насельніцтва. А таксама захаваць раўнавагу паміж грамадзтвам і органамі ўлады, а таксама незалежнай прэсай — як прадстаўніцтвам грамадзтва".

Напярэдадні галоўнага рэдактара "Нашай нівы" выклікалі ў КДБ і папярэдзілі пра адказнасьць за разгалошваньне матэрыялаў сьледзтва па справе аб тэракце 11 красавіка. Адначасна Міністэрства інфармацыі накіравала ў адрас рэдакцыі папярэджаньне пра недапушчальнасьць парушэньня нормаў закону "Аб сродках масавай інфармацыі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG