Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.


Я вырашыў напісаць пра Андрэя Пратасеню не таму, што хварэю на актыўную грамадзянскую пазыцыю альбо цікаўлюся палітыкай. Зусім не, я быў абсалютна апалітычны да нядаўняга часу. Але, нягледзячы на гэта, а таксама на тое, што я зараз жыву далёка ад Беларусі, на іншым кантынэнце, падзеі 19 сьнежня да глыбіні душы мяне ўзрушылі, таму што закранулі неабыякавых для мяне людзей.

Многія мае сябры былі на плошчы (дый я таксама мог бы апынуцца там, калі б знаходзіўся ў Беларусі). Аднаго майго прыяцеля моцна зьбілі, але ён ня мог зьвярнуцца па мэдычную дапамогу, таму што супрацоўнікі КДБ палявалі па шпіталях і выцягвалі людзей нават з бальнічных палат...

Яшчэ адзін мой сябар, якому быццам бы пашанцавала вярнуцца з плошчы, быў у хуткім часе арыштаваны і зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Гэта праграміст Андрэй Пратасеня.



Андрэю ўласьцівае абвостранае пачуцьцё справядлівасьці
Я пазнаёміўся з Андрэем дзякуючы яго брату, які быў маім аднагрупнікам у студэнцкія гады. Андруха, як мы яго называлі, заўсёды быў надзвычай лёгкім, кантактным і вельмі аптымістычным чалавекам. Мы разам шмат вандравалі. Падчас падарожжаў было шмат часу для размоваў. Высьветлілася, што ў нас шмат агульнага, пачынаючы ад таго, што працавалі ў адной сфэры (інфармацыйных тэхналёгій), і заканчваючы падобнымі жыцьцёвымі каштоўнасьцямі.Мы абодва хацелі пабачыць розныя краіны, культуры, народы, у нас аднолькавыя музычныя густы, нам абодвум блізкая філязофія панк-руху ў яе арыгінальным сэнсе: нонканфармізм, самастойнасьць, адказнасьць за сябе і блізкіх, узаемавыручка.

Мы абодва хацелі напоўніць сваё жыцьцё сапраўднымі падзеямі замест праседжваньня перад экранамі кампутараў у офісах. Андрэй заўсёды быў на крок наперадзе ад мяне, і я гэтаму зайздрошчу. Ён бяз жалю і ваганьняў пакінуў IT-кар'еру і паспытаў прафэсію каскадэра. Праўда, празь некаторы час расчараваўся ў ёй і вярнуўся да праграмаваньня. У Андрэя заўсёды было мноства сяброў па ўсім сьвеце, зь якімі ён падтрымліваў кантакты ў сеціве. Куды б мы ні прыяжджалі, мы лёгка знаходзілі прытулак, дзе пераначаваць, у ягоных сяброў.

Памятаю, як вандравалі мы па Эўропе на аўтамабілі. За месяц аб'езьдзілі 20 краінаў, праехалі каля 15 тысяч кілямэтраў. Уражаньняў — бездань!

Андрэй заўсёды быў у добрай спартовай форме, зь дзяцінства займаўся многімі відамі спорту. Пачынаў з акадэмічнага веславаньня і ўсходніх адзінаборстваў. Потым было захапленьне плаваньнем і брэйк-дансам, роварам і сноўбордам. Ён захапляўся экстрэмальнымі відамі спорту: роўпджампінгам, скалалазаньнем, мотаспортам.

Амаль тры месяцы ён знаходзіцца ў СІЗА. Але я веру ў гэтага моцнага і сумленнага чалавека. У яго ўсё атрымаецца!
Андрэю ўласьцівае абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. І хоць яго прафэсійная кар'ера была дастаткова пасьпяховая — школа з залатым мэдалём, факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, вялікі досьвед працы ў саліднай кампутарнай фірме дазвалялі глядзець з упэўненасьцю ў будучыню — але ён хацеў знайсьці менавіта сваё месца ў жыцьці, каб быць сапраўды карысным людзям. Сябры распавядалі, як Андрэй ня раз вёў дабрачынны збор сродкаў для дзетак, якім неабходна апэрацыя, і пераводзіў іх на рахункі, апублікаваныя на навінавых сайтах...

Летась Андрэй канчаткова зразумеў, што плястыкавая кар'ера праграміста альбо мэнэджэра ў IT-сфэры яго ня вабіць. Ён сышоў з кампаніі і прысьвяціў вольны час іншай дзейнасьці. У прыватнасьці, ён заняўся безапэрацыйным аднаўленьнем зроку. За час вучобы вастрыня зроку ў яго істотна зьнізілася, а апошнія некалькі месяцаў ён ужо не карыстаўся акулярамі і лінзамі.


Але пакуль ягоным марам не давялося збыцца. Амаль тры месяцы ён знаходзіцца ў СІЗА. Але я веру ў гэтага моцнага і сумленнага чалавека. У яго ўсё атрымаецца!

Сябра Андрэя Пратасені Яўген


Андрэй Пратасеня нарадзіўся 12 сьнежня 1981 году. Пасьля школы скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржунівэрсытэту. Працаваў праграмістам. Займаўся дабрачыннасьцю — дапамагаў хворым людзям зьбіраць сродкі на апэрацыі.

У палітычных партыях і рухах ня быў да лістапада 2010 г., але за месяц да падзеяў на плошчы Незалежнасьці ўступіў у шэрагі АГП. Быў валянтэрам у агітацыйнай кампаніі Яраслава Раманчука. 19 сьнежня быў на Плошчы, але пад яе разгон не патрапіў і сышоў дахаты. Затрыманы 9 лютага 2011 г. пры ня высьветленых да канца абставінах. Пад вечар таго самага дня ў доме яго бацькоў прайшоў ператрус, пасьля якога Андрэя арыштавалі. Яму выстаўлена абвінавачаньне паводле ч.2 арт. 293 КК — "актыўны ўдзел у масавых беспарадках". Пра тое, што гэты чалавек знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ і праходзіць па справе аб масавых беспарадках, стала вядома ад сваякоў толькі 16 сакавіка.

Усе партрэты на фоне кратаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG