Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сьпіс абвінавачаных і падазраваных па справе аб падзеях на Плошчы незалежнасьці Менска 19 сьнежня мінулага года вырас на два чалавекі – сёньня стала вядома, што ў сьледчых ізалятарах як фігуранты па справе аб масавых беспарадках знаходзяцца Андрэй Пратасеня і Дзьмітрый Даронін.

Колькасьць абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках вырасла да 35 чалавек. Праваабаронцам стала вядома, што сярод іх зьявіўся праграміст зь Менску Андрэй Пратасеня, якога затрымалі 9 лютага. Зараз ён у СІЗА КДБ і ўжо даслаў бацькам адтуль тры лісты.

Паводле зьвестак, на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня Андрэй Пратасеня сапраўды прысутнічаў, але ніякіх гвалтоўных дзеяньняў не ўчыняў і бесьперашкодна сышоў дадому. "Магчыма, яго запрасілі на нейкую гутарку альбо іншым чынам выманілі з дому, а потым ён быў затрыманы. Ведаю, што затрымалі ня дома", — кажа брат затрыманага Аляксандар.

15 сакавіка быў затрыманы 28-гадовы жыхар Менску Дзьмітрый Даронін. Паводле зьвестак, пакуль Дароніна ўтрымліваюць у ізалятары на Акрэсьціна. Яго таксама падазраюць ва ўдзеле ў падзеях 19 сьнежня.

Тым часам Зьміцер Дашкевіч, якога затрымалі напярэдадні Плошчы, абвінавачваюць у хуліганстве і цяпер трымаюць у менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага, апісаў у лісьце да Насты Палажанкі ўмовы ў сваёй камэры і распавёў пра кантакты з супрацоўнікамі вайсковай контравыведкі:

"Зьміцер Дашкевіч піша пра тое, што ў яго вельмі складаныя ўмовы ў камэры. Па-першае, да яго прыходзілі супрацоўнікі контравыведкі, але ён адмовіўся зь імі размаўляць. На што яны сказалі, што ён атрымае ўвесь тэрмін, адседзіць яго ў карцэры і выйдзе з турмы фізычна і маральна зламаным. Пры гэтым сам Зьміцер адчувае сябе дастаткова ўпэўнена, але, безумоўна, турбуецца наконт суду. Маўляў, улады будуць ствараць карцінку хуліганства зь ягонага боку. Таксама піша пра ўмовы ў камэры. Што там столькі людзей, што ня тое што не хапае спальных месцаў, а нават няма дзе прысесьці".

Саму Насту Палажанку 16 сакавіка ўпершыню пасьля вызваленьня з "амэрыканкі" пад падпіску аб нявыезьдзе выклікалі на допыт. "Паказвалі відэа падзей 19 сьнежня, пыталіся маіх тлумачэньняў", — распавяла "Свабодзе" Наста Палажанка. Паводле яе зьвестак, да канца сакавіка яе справу могуць ужо завяршыць і перадаць у пракуратуру. Нібыта ёсьць загад "зьверху", каб скончыць у сакавіку расьсьледаваньне ня толькі справы Палажанкі.

Да Мікалая Статкевіча так і не дапускаюць адваката. Экс-кандыдат на прэзыдэнта меў адзіную сустрэчу з адвакатам у канцы сьнежня 2010 году. Жонка палітыка Марына Адамовіч згадала тых, да каго, як і да Статкевіча, не пускаюць адвакатаў:

"Засталося тры чалавекі такіх: гэта Анатоль Лябедзька, Сяргей Марцалеў і Мікола Статкевіч".

Што да ліставаньня, што апошнім часам, пасьля некалькіх скаргаў, ліставаньне зь Мікалаем Статкевічам стала двухбаковым і рэгулярным, паведаміла Марына Адамовіч.

Зь ліста дамоў Аляксандра Фядуты бачна, што ён і ў СІЗА КДБ не спыніў літаратурнай творчасьці. Жонцы Марыне літаратуразнаўца Фядута даслаў напісаны ім верш і даручэньні адносна сваіх артыкулаў:

"Ён увесь у марах пра завочны ўдзел у літаратурных канфэрэнцыях, просіць, каб напісалі водгукі на ягоныя артыкулы, якія ён раней рассылаў у зборнікі. Зноў карыкатурак намаляваў, гэтым разам на сябе, як ён вые на месяц".

Больш за паўтара месяца знаходзіцца пад хатнім арыштам журналістка, жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп.

Уладзімер Халіп назваў "катаваньнем" хатні арышт сваёй дачкі ды дзеяньні супроць іншых вязьняў 19 сакавіка:

"Ідзе такое маруднае катаваньне, зьдзек зь людзей. І яны будуць трымаць іх колькі заўгодна, колькі будзе настрой. Бо ні на якія судовыя дзеяньні гэта абсалютна не ўплывае. Можна было зрабіць гэтыя суды яшчэ ў сьнежні, калі была патрэба, ці праз год".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG