Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне сёлета колькасьць ахвотных запісацца на курсы вырасла ў некалькі разоў.


Актывісты польскіх арганізацыяў на Гарадзеншчыне зьвязваюць гэта з тым, што ўрад Польшчы прыняў так званую Карту паляка, з дапамогай якой прасьцей атрымаць візу ў Польшчу.

У мінулым 2007 годзе на курсах польскай мовы пры непрызнаным беларускімі ўладамі Саюзе палякаў навучалася каля 70 чалавек. Сёлета такіх ужо 180. Прычым апошнім часам вывучаць мову прыходзяць людзі далёка не студэнцкага й ня школьнага ўзросту.

У “Польскую Мацеж школьную” — гарадзенскую арганізацыю, дзе ўжо на працягу больш як 10 гадоў выкладаюць польскую мову, — ад пачатку году зьвярнулася каля 80 дарослых з просьбай запісаць іх на курсы. Прычым гэта людзі ня толькі з самой Горадні, але й з вобласьці.

Анжаліка Борыс, кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў, кажа, што гэтая зацікаўленасьць значна ўзрасла, калі Польшча ўступіла ў Эўразьвяз і ў Шэнгенскую зону. Да таго ж у мінулым годзе польскі Сэйм прыняў закон аб Карце паляка.

Борыс: “Там адзін з пунктаў, які патрабуе ад тых, хто прэтэндуе на Карту паляка, веданьня польскай мовы. Згодна з гэтым дакумэнтам, урад Польшчы дае прывілеі сваім суайчыньнікам, якія жывуць і ў Беларусі, для прыезду ў Польшчу”.

Кіраўнічка аддзелу адукацыі пры непрызнаным Саюзе палякаў, Анжаліка Арэхва, кажа, што асабліва пасьля Новага году да іх пачалі зьвяртацца людзі старэйшага ўзросту з тым, каб навучацца польскай мове. На яе думку, асноўны наплыў такіх людзей наперадзе.

Арэхва: “Думаю, што ў наступным навучальным годзе колькасьць ахвотных навучацца мове значна ўзрасьце, бо павінна пачаць дзейнічаць Карта паляка. Ужо цяпер пераважна дарослыя зьвяртаюцца з пытаньнем — дзе навучыцца польскай мове”.

Спадарыня Арэхва распавядае, што цяпер у іх папросту няма магчымасьці адкрываць новыя групы. Зь яе словаў, яны пачнуць гэта рабіць з новага навучальнага году.

Афіцыйны Саюз палякаў ужо некалькі гадоў ня ладзіць у Горадні курсаў польскай мовы. Старшыня СПБ Юзаф Лучнік кажа, што такія курсы існуюць у іншых гарадах Беларусі, а ў Горадні, маўляў, такой патрэбы пакуль няма.

Праўда, спадар Лучнік зьвяртае ўвагу на іншае.

Лучнік: “У нас зараз актывізалася больш уступленьне ў арганізацыю, паколькі адным з патрабаваньняў Карты паляка зьяўляецца й прыналежнасьць да палянійнай арганізацыі”.

Паводле словаў спадара Лучніка, за апошнія паўгода шэрагі СПБ толькі ў Горадні папоўніліся на сто чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG