Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адкрылася выстава швэдзкай графікі


У Горадні ў гісторыка-архэалягічным музэі сёньня адкрылася выстава швэдзкай графікі 1980-2005 гадоў з калекцыі караля Карла ХVІ Густава.


Выставу адкрыў консул Швэцыі Стэфан Эрыксан. У Горадню таксама прыехала група мастакоў з гэтай краіны. На выставе прадстаўленыя работы шаснаццаці графікаў: васьмі жанчын і васьмі мужчынаў.

Карэспандэнт: “Сёньня ў Горадні ў каралеўскім замку ўпершыню выстава швэдзкай графікі, прычым з калекцыі швэдзкага караля. І міжволі ўзгадваецца, што менавіта трыста гадоў назад швэды ўжо былі ў Горадні. Напачатку лютага 1708 году ў горад увайшоў кароль Карл ХІІ з атрадам з шасьцісот чалавек, а раней тут быў расейскі гарнізон. І ў сувязі з гэтым я зьвяртаюся да швэдзкага консула Стэфана Эрыксана: скажыце, калі ласка, ці ведаеце вы, што ў Горадні ўжо бывалі швэды, швэдзкі кароль?”

Эрыксан: “Я троху ведаў пра тое, што швэды бывалі ў Горадні, праўда, дакладна, я, канешне, ня ўсё ведаю. Я ня ведаў, што ў лютым будзе нават гістарычны юбілей нашага прыходу… Гісторыя – гэта цікава, але сёньня мы хацелі паказаць сучасную швэдзкую культуру, таму мы прывезьлі выставу графікі і спадзяемся, што яна выклікае цікавасьць гарадзенскіх гледачоў”.

Карэспандэнт: “Я бачу, што мастак Алесь Сураў уважліва разглядае творы з калекцыі швэдзкага караля. Гэта сэнатарская заля Новага замку, дзе адбыўся “маўклівы сойм” і перастала існаваць Рэч Паспалітая. Калісьці тут былі мастацкія калекцыі апошняга караля, потым яны зьніклі, а вось сёньня тут карціны з калекцыі караля швэдзкага. Якія пачуцьці ў цябе гэта выклікае?”

Сураў: “У нас ад каралёў толькі й залі рэдкія засталіся, дзякуй Богу. А ў Швэцыі засталіся і каралі, якія могуць апекавацца мастацтвам. У нас жа ніхто мастацтвам не апякуецца, мастацтва ў нас на апошніх задворках. Таму ў мяне зайздрасьць, што ў Швэцыі кароль апякуецца мастацтвам”.

Карэспандэнт: “Я сустрэў таксама вядомага за мяжой гарадзенскага графіка Юрыя Якавенку. Юры, ня так даўно вашыя карціны выстаўляліся ў Стакгольме, і выставу наведаў асабіста кароль гэтай краіны, так?”

Якавенка: “Так, і тут прысутнічае са швэдзкага боку адзін чалавек, які параіў каралю паглядзець маю выставу, і ён прыехаў з прыватным візытам. Я быў уражаны і бегаў па Горадні як на крылах, таму што ня кожны раз выставу наведваюць каралеўскія асобы, а ў маім жыцьці тым больш гэта першы выпадак”.

Юры Якавенка перад нашай размовай таксама гутарыў з швэдзкімі мастакамі аб тым, што цяпер у Горадні выстава сучаснай графікі, але швэды маюць вельмі цікавую графіку ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзя, і было б цікава таксама ўбачыць яе. Яны зацікавіліся прапановай і сталі абмяркоўваць магчымасьць, каб у Швэцыі паказаць беларускую графіку 1950-70-х гадоў. Але паўстаюць фінансавыя пытаньні: арганізацыя, транспартаваньне, страхоўкі твораў мастацтва, кажа Юры Якавенка. Таму швэды будуць падключаць Швэдзкі інстытут, міністэрства культуры. Зь беларускага боку таксама трэба будзе шукаць фінансаваньне, але за год-два абмен такімі выставамі наладзіць магчыма, мяркуе гарадзенскі мастак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG