Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўрэгулюе Славенія праблему Косава?


Зь 1 студзеня Славенія пераняла ў Партугаліі старшыняваньне ў Эўразьвязе.


1 студзеня былая югаслаўская рэспубліка Славенія ў якасьці першай зь 10 пост-камуністычных краінаў-сяброў Эўразьвязу пераняла ў Партугаліі паўгадовае ратацыйнае старшыняваньне ў ЭЗ. Цягам 6 месяцаў яна абавязана падтрымліваць стабільны курс палітыкі Эўразьвязу, але пры гэтым вырашаць бягучыя праблемы.

У адрозьненьне ад Партугаліі, якая дасягнула пастаўленай перад сабой мэты падпісаць новую Дамову Эўразьвязу, нешта накштал канстытуцыі, Славенія лічыць сваім асноўным абавязкам урэгуляваньне праблемы Косава.

“Я спадзяюся, што цягам нашага старшыняваньня ў Эўразьвязе мы зможам зрабіць істотны ўнёсак у разьвязаньне праблемы Косава. У сьвятле таго, што здарылася ў апошнія месяцы, мы разумеем, што Славенія павінна даць рады складаным працэсам, і я спадзяюся, што мы давядзем іх да канца падчас нашага старшыняваньня”, сказаў міністр замежных справаў Славеніі Дзімітры Рупэль. “Гэта будзе нашым унёскам у стабілізацыю той часткі Эўропы, якую моцна закранулі падзеі канца XX стагодзьдзя”.

Прэзыдэнт Косава Фатмір Сэйджу заклікаў Рупэля асабіста ангажавацца ў вырашэньні праблемы Косава. Эўразьвяз лічыць, што незалежнасьць Косава – гэта толькі справа часу, але хоча, каб гэты пераход да незалежнасьці адбыўся пад міжнародным наглядам. Таксама існуе перасьцярога, што за прыкладам Косава пойдуць такія сэпаратысцкія рэгіёны, як Абхазія і Прыднястроўе.

Засяроджанасьць на праблеме Косава натуральным чынам адцягне ўвагу Эўразьвязу ад іншых праблемаў, у прыватнасьці – ад палітыкі добрасуседзтва, якая абмяжуецца эканамічным супрацоўніцтвам і спрыяньнем міжчалавечым кантактам. Славенія ачоліць саміт ва Ўкраіне, прысьвечаны “чарнаморскай сынэргіі”, а таксама ў чэрвені адкрые сустрэчу, вынікам якой будзе стратэгічная дамова з цэнтральнаазіяцкімі краінамі.

Акрамя таго, старшынства Славеніі ў Эўразьвязе пройдзе пад знакам дзьвюх глябальных праблем: кліматычных зьменаў і энэргетыкі. Пад кіраўніцтвам Любляны Эўразьвяз будзе больш настойліва ўзьдзейнічаць на міжнародную супольнасьць з мэтай зьмяншэньня выкідаў парніковых газаў у атмасфэру. Праўдападобна, цягам бліжэйшых 6 месяцаў Эўразьвяз афіцыйна ўхваліць пабудову газаправоду “Набука”, па якім касьпійскі газ будзе пастаўляцца ў Эўропу. Яшчэ адной задачай Славеніі будзе адсочваньне іміграцыйных працэсаў у рамках абвешчанага Эўразьвязам на сёлета “году міжкультурнага дыялёгу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG