Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паразуменьне між альбанцамі і сэрбамі немагчымае?


Гутарка з карэспандэнтам нашага радыё Валянцінасам Мітэ, якія днямі вярнуўся з паездкі ў Косава.


Калі гаворка ідзе пра Косава, размова ідзе ў асноўным у палітычнай і геапалітычнай плашчыні. А як там жывуць звычайныя людзі? Якія адносіны паміж косаўскімі альбанцамі і сэрбамі? Як ставяцца да косаўскай праблемы звычайныя сэрбы, што жывуць у Бялградзе?

Дракахруст: “Валянцінас, якія ў Вас ўражаньні ад жыцьця ў Косаве?”

Мітэ: "Калі коратка адказаць на гэтае пытаньне, то людзі жывуць вельмі цяжка. Беспрацоўе ў Косаве – больш за 60%. Калі выходзіш на вуліцу сталіцы Косава Прышціны, кідаецца ў вочы, што вакол амаль няма старых, паўсюль спрэс моладзь.

Ёсьць высокае беспрацоўе менавіта сярод моладзі, маладыя людзі ці ня маюць працы, ці яны вучацца, але ведаюць, што калі яны скончаць ВНУ, то ў іх заробку ня будзе. А калі і будзе, то вельмі нізкі. Скажам, доктар у Прышціне атрымлівае заробак 200 эўра. Гэта столькі ж, колькі атрымлівае прыбіральшчыца ў прадстаўніцтве ААН у Косаве.

А цэны немалыя. Хлеб – палова эўра, гамбургер – эўра, яшчэ трэба плаціць за электрычнасьць, за лекі.
Сытуацыя з электрычнасьцю падобная на Багдад. 2 гадзіны электрычнасьць ёсьць, потым гадзіны на 3 зьнікае, ніякай сыстэмы ў гэтых адключэньнях няма. Гэта цягнецца ўжо некалькі гадоў, і ад гэтага людзі вар'яцеюць.


Дарэчы, калі казаць пра электрычнасьць, то сытуацыя падобная на Багдад, у якім я быў некалькі гадоў таму. 2 гадзіны электрычнасьць ёсьць, потым гадзіны на 3 зьнікае, потым ізноў зьяўляецца, прычым ніякай сыстэмы ў гэтых адключэньнях няма. І гэта цягнецца ўжо некалькі гадоў, і ад гэтага людзі вар'яцеюць.

Але што цікава – калі гаворыш з альбанцамі, яны кажуць: "Так, цяжка, так, гэта праклятае месца, мы ня можам выяжджаць, але мы хочам жыць асобна ад сэрбаў. Мы хочам незалежнасьці".

Дракахруст: “А як складваюцца адносіны паміж альбанскай і сэрбскай грамадамі ў Косаве, ці магчымае паміж імі нейкае паразуменьне?"

Мітэ: "На мой погляд, не. Я быў у Мітравіцы. Гэты горад падзелены на дзьве часткі : на поўначы жывуць сэрбы, на поўдні – альбанцы. Я быў у вёсцы Чаглавіцэ, каля Прышціны, гэтая вёска таксама падзеленая дарогай на дзьве часткі. І паміж гэтымі часткамі няма нічога агульнага.

Сэрбы жывуць як бы ў Сэрбіі. Калі ў Косаве валюта – эўра, то ў гэтых сэрбскіх анклявах – сэрбскі дынар. Там нумары машын – сэрбскія, а ня косаўскія.

Там адбываецца цікавая вайна плякатаў. Калі ў альбанскай частцы Косава вісяць партрэты Біла Клінтана, ёсьць вуліца Клінтана, вісяць партрэты Буша, то ў сэрбскай частцы Мітравіцы вісяць партрэты Пуціна, і іх вельмі шмат.
У альбанскай частцы вісяць партрэты Клінтана і Буша, у сэрбскай -Пуціна.


Я бачыў плякат, дзе наверсе два партрэты Ваіслава Шэшаля – гэта лідэр Радыкальнай партыі Сэрбіі, які зараз знаходзіцца ў Гааскім трыбунале, а ўнізе – два партрэты Пуціна.

У паўночнай частцы Мітравіцы сказаць, што ты з Расеі – гэта такі вялікі табе плюс, што цяжка сабе ўявіць. Гэтак жа, як у альбанскай Прышціне сказаць, што ты амэрыканец. Тады ты таксама паўбог".

Дракахруст: “Вы ўжо сказалі пра тое, чаго хочуць косаўскія альбанцы. А як бачаць сваю будучыню косаўскія сэрбы?”

Мітэ: "Косаўскія сэрбы ў сваёй большасьці бачаць Косава як частку Сэрбіі. Калі працягваць тэму плякатаў, я бачыў плякаты: "Сэрбскае войска, дапамажы нам, каб Косава засталося Сэрбіяй". Ні пра якую інтэграцыю там справа не ідзе. Яны жывуць у своеасаблівых бантустанах, гэта такія малыя Сэрбіі, раскіданыя па тэрыторыі Косава".

Дракахруст: “Вяртаючыся да той цяжкой сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, якая, паводле Вашага расповеду, пануе ў Косаве. Што гавораць экспэрты і простыя людзі , у чым тут прычына – ці то ў тым, што гэта просты бедны край, ці ў тым прамежкавым становішчы, ў якім яны апынуліся: гэта ці то частка Сэрбіі, ці то пратэктарат ААН, ці нешта незразумелае?”

Мітэ: "Прычына і ў тым, і ў другім. У Косаве ёсьць два цэнтру ўлады: гэта прадстаўніцтва ААН і мясцовыя адміністрацыі. Каб выдаць закон, яны павінны паміж сабой дамовіцца, прыйсьці да кансэнсусу.

Косава наагул не такі ўжо бедны край. Мне казалі экспэрты, што паводле радовішчаў вугля Косава ўваходзіць у пяцёрку самых забясьпечаных рэгіёнаў Эўропы. Вугаль ёсьць, электрастанцыі працуюць.

Я пытаўся ў эканамістаў, аналітыкаў і журналістаў: "Дык чаму ж тады электрычнасьці няма?" Адказ быў: "Бо крадуць". Хто крадзе, як крадзе – гэта для мяне засталося таямніцай, але электрычнасьці няма.
Галоўнае жаданьне ў маладых людзей – любым шляхам зьехаць з Косава на Захад.


У людзей ёсьць уяўленьне – вось, у нас будзе нейкі статус, мы будзем асобныя ад Сэрбіі, тады да нас пойдзе паток інвэстыцый і ўсё зьменіцца. Але калі гаворыш з маладымі людзьмі, галоўнае жаданьне ў іх – як мага хутчэй, любым шляхам зьехаць з Косава на Захад. Але Косава – як яны гавораць – павінна быць незалежным ад Сэрбіі".

Дракахруст: “А зараз разам з Вамі перанясемся ва ўласна Сэрбію, у Бялград, дзе Вы таксама пабывалі падчас Вашай паездкі. Як там жывуць людзі і што бялградцы думаюць пра сытуацыю ў Косаве?"

Мітэ: "Наагул, бялградцы вельмі мала думаюць пра сытуацыю ў Косаве, бо ў іх ёсьць вялікія будзённыя праблемы: як знайсьці працу, як заплаціць за кватэру (а кватэры ў Бялградзе вельмі дарагія).

З усясьветных сродкаў масавай інфармацыі можа скласьціся ўражаньне, што Сэрбія – вельмі прарасейская дзяржава. Але я размаўляў зь вялікай колькасьцю людзей у Сэрбіі, і ня толькі з аналітыкамі, і значных прарасейскіх пачуцьцяў я там не заўважыў. Моладзь і нават людзі веку за 40 гадоў звычайна адказваюць вам па-ангельску, расейскай мовы яны не разумеюць.
Эўразьвяз у Сэрбіі ўспрымаецца як нейкі цуд, уступленьне ў які вырашыць усе праблемы.


Сэрбы гавораць – мы павінны пайсьці ў Эўразьвяз. Дарэчы, і ў Сэрбіі Эўразьвяз ўспрымаецца як нейкі цуд, уступленьне ў які вырашыць усе праблемы.

Яшчэ адна рэч, якую я заўважыў – сэрбы яшчэ не забылі, як НАТА бамбавала Сэрбію. Яны кажуць: "Мы эўрапейцы, мы – вашы. У нас быў урад, які шмат хто не падтрымліваў, у нас былі шматлюдныя дэманстрацыі пратэсту супраць яго, а вы нас бамбавалі". Гэта яны памятаюць дагэтуль. Аднак яны сябе лічаць эўрапейцамі і хочуць у Эўрапейскі Зьвяз, а не ў саюз, скажам, Расеі і Беларусі".
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG