Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры спадзяюцца, што Фінькевіча вызваляць у судзе


Сёньня ў Магілёве пачнецца працэс над Артурам Фінькевічам, якому пагражае яшчэ тры гады зьняволеньня за парушэньні рэжыму.


Падтрымаць сябра зьбіраюцца дзясяткі актывістаў, якія прыйдуць да суду з партрэтамі Артура Фінькевіча.

Абараняць Артура Фінькевіча будзе мясцовы адвакат Ганна Рыбалка. Напярэдадні працэсу яна ўстрымалася ад камэнтару: “Зараз любое неасьцярожнае слова можа пашкодзіць справе. Лепш я выкажуся пасьля суду”, – сказала Ганна Рыбалка.

Раней абарона даводзіла, што ёсьць шанцы дамагчыся мінімальнага пакараньня – у некалькі месяцаў альбо не зьвязанага са зьняволеньнем. Максымальнае пакараньне за парушэньні рэжыму адбыцьця “хіміі”, у чым абвінавацілі Артура Фінькевіча – тры гады калёніі. Дарэчы, каб ня гэтая крымінальная справа, Артур выйшаў бы на волю 10 дзён таму.

Адзін з лідэраў моладзевага руху Павал Севярынец кажа: падтрымаць Артура прыедуць некалькі дзясяткаў актывістаў з усёй Беларусі.

“Мы спадзяемся на тое, што Артур будзе вызвалены ў зале суду. Іншы вырак успрымем як крайне несправядлівы і як працяг рэпрэсій. А Артуру кажам: “Дзяржыся, братка, Беларусь за цябе перажывае, моладзь за цябе змагаецца. Трымайся, вер ў Бога і любі Беларусь! Пераможам!”

Мы спадзяемся на тое, што Артур будзе вызвалены ў зале суду. Іншы вырак успрымем як крайне несправядлівы і як працяг рэпрэсій
Напярэдадні працэсу грамадзкі камітэт абароны палітвязьняў намагаўся максымальна пашырыць розгалас пра справу Артура Фінькевіча. Сябра камітэту, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч мяркуе: прысутнічаць на працэсе над Артурам Фінькевічам будуць і прадстаўнікі амбасадаў заходніх краін.

“На ўсіх сустрэчах, дзе яны праходзілі, і я, і іншыя дэмакратычныя лідэры кажам пра тое, што адбываецца зь людзьмі ў вязьніцах, пра неабходнасьць іх вызваленьня. Але тое, што ўлада робіць са справай Фінькевіча, калі ў турме яшчэ спрабуюць падоўжыць тэрмін – такога праваабаронцы Эўропы адносна Беларусі яшчэ ня ведаюць. Таму зь іх боку будзе найпільнейшая ўвага, і перакананы, што дыпляматы прыедуць на суд”.

Як пачуваецца сам Артур Фінькевіч напярэдадні суду? Ад сваякоў актывіста вядома: ён ня скардзіўся ні на ўмовы утрыманьня, ні на здароўе і заставаўся бадзёры. “Ён гатовы да барацьбы”, – сказала “Свабодзе” актывістка Кася Галіцкая, якая таксама зьбіралася ў Магілёў, каб падтрымаць Артура Фінькевіча:

“Гэта суд Кастрычніцкага раёну Магілёву па адрасе: вуліца Дабралюбава, 2. Суд пачнецца а палове на адзінаццатую гадзіну”.

Два гады таму Артур Фінькевіч быў арыштаваны і пакараны абмежаваньнем волі за палітычныя графіці. Падчас адбыцьця пакараньня на юнака некалькі разоў накладалі спагнаньні за парушэньні рэжыму, зь якімі ён ня быў згодны, але абскардзіць гэтыя пакараньні яму не ўдалося.
XS
SM
MD
LG