Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршылася расьсьледаваньне другой справы Артура Фінькевіча


Алег Грузьдзіловіч, Менск Амаль месяц знаходзіцца ў магілёўскім сьледчым ізалятары моладзевы актывіст Артур Фінькевіч, на якога завялі яшчэ адну крымінальную справу.

“Расьсьледаваньне справы завяршылася, Артур зь ёй азнаёміўся, цяпер справу перадалі ў пракуратуру і праз колькі дзён перададуць у суд”, — паведаміла адвакат Фінькевіча Ганна Рыбалка.

Паводле адвакаткі, Артур Фінькевіч прызнае сваю віну часткова. Пра ягоную віну сьведчаць вынікі экспэртызы. “Зь імі не паспрачаесься”, — кажа адвакат.

Максымальнае пакараньне, якое пагражае хлопцу, — тры гады калёніі, але адвакат спадзяецца, што суд абмяжуецца меншым тэрмінам. “Можа, дадуць сем месяцаў ці крыху болей”, — кажа Ганна Рыбалка.

Сьледчы Аляксандар Ліскавец, які вёў справу Артура Фінькевіча, ад камэнтару ўстрымаўся.

Нагадаю, Артура Фінькевіча, які адбываў “хімію” ў Магілёўскай спэцкамэндатуры, затрымалі 26 кастрычніка. Актывіста абвінавацілі ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня.

У якіх умовах трымаюць вязьня? Паводле актывісткі Касі Галіцкай, на ўмовы Артур Фінькевіч ня скардзіцца. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў камэры, дзе разам зь ім шэсьць чалавек, харчаваньне нармальнае, атрымлівае карэспандэнцыю.

Актывіст паведаміў свой адрас, на які прапануе дасылаць яму лісты:

“Лісты яму можна пісаць, лісты ён атрымлівае. І нават, наколькі мне вядома, яму можна дасылаць невялічкія бандэролі. Ягоны адрас такі: Магілёў, вуліца Крупскай 9-а, сьледчая турма №4”.

Першае пакараньне, два гады “хіміі”, Артур Фінькевіч атрымаў за графіці палітычнага зьместу. Суд прызнаў яго вінаватым у напісаньні слова “Дастаў!” ды іншых, якія зьявіліся ў Менску за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

На “хіміі” Артуру Фінькевічу заставалася адбыць паўтара месяца. Яго некалькі разоў каралі за парушэньне рэжыму. Зь некаторымі пакараньнямі актывіст быў ня згодны, але аспрэчыць іх не ўдалося.

• Маладзёваму актывісту А.Фінькевічу выставілі новае абвінавачаньне, 26.10.07 • Артур Фінькевіч сустрэўся са сваёй адвакаткай, 30.10.2007
XS
SM
MD
LG