Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адбыліся перамовы “тройкі” Эўразьвязу з Сяргеем Лаўровым


Алесь Дашчынскі, Менск Эўрапейская “тройка” сустрэлася сёньня зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. З боку Эўразьвязу ў сустрэчы бралі ўдзел міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Джэк Стро, міністар замежных справаў Аўстрыі Ўрсула Пласьнік, сябра камісіі Эўрапейскіх супольнасьцяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр і генэральны сакратар рады Эўразьвязу, высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў агульнай замежнай палітыцы і палітыцы ў галіне бясьпекі Хаўер Саляна.

Паводле Сяргея Лаўрова, абмеркавана шырокае кола міжнародных праблемаў, у тым ліку сытуацыя на прасторы СНД. “Мы наладжваем у большасьці гэтых пытаньняў партнэрскі дыялёг і імкнемся з абодвух бакоў зрабіць так, каб гэты дыялёг судзейнічаў пошуку канкрэтных рашэньняў наяўных праблемаў”, — заявіў міністар замежных справаў Расеі па выніках сустрэчы.

Эўрапейская “тройка” папрасіла Расею надаць асаблівую ўвагу Беларусі. Паводле адказнай за вонкавыя сувязі Эўракамісіі Бэніты Фэрэры-Вальднэр, “Расея павінна быць зацікаўленая, каб у Беларусі была дэмакратыя і захоўваліся правы чалавека”. Фэрэра-Вальднэр прызнала, што Эўразьвяз і Расея маюць адрозьненьні ў падыходах, але заклікала думаць пра доўгатэрміновую стабільнасьць і пра тое, як разьвіваць супрацоўніцтва.

Паводле эўракамісара, эўрапейцы выступаюць за дыялёг з Расеяй і разьлічваюць на яе дапамогу. “Мы надзвычай занепакоеныя самаізаляцый Беларусі, якая паглыбляецца, і лічым, што тут Расея магла б выканаць ролю ў тым, каб падштурхнуць Беларусь да выкананьня ёю міжнародных забавязаньняў”, — заявіла журналістам Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

Яна нагадала пра санкцыі Эўразьвязу адносна вышэйшых службовых асобаў Беларусі і адзначыла, што пры адсутнасьці прагрэсу з боку Менску, Эўразьвяз можа ўвесьці новыя меры, сярод якіх замарожваньне беларускіх актываў у Эўропе.

“Мы гатовыя пашырыць меры супраць Беларусі, калі яна ня будзе захоўваць міжнародных стандартаў падчас маючых адбыцца выбараў”, — заявіла журналістам у Маскве Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Яна таксама адзначыла, што напрыканцы году ў Менск мае намер прыбыць дэлегацыя Эўразьвязу. “Таму ў нас ёсьць шанец пазьбегнуць санкцыяў”, — адзначыла Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
XS
SM
MD
LG