Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Леванеўскага тэрмінова вярнулі са шпіталю ў калёнію


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сваякі Леванеўскага зьвязваюць гэта з тым, што днямі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь патрапіў яшчэ адзін палітычны вязень — Міхаіл Марыніч.

У Івацэвіцкую калёнію вярнулі Валера Леванеўскага, лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў, які адбывае там пакараньне за паклёп на прэзыдэнта. Зьвесткі пра раптоўнае вяртаньне Леванеўскага зь Менску ў Івацэвічы аказаліся цалкам нечаканымі для сваякоў вязьня. Сын Леванеўскага Ўладзімер тлумачыць гэта тым, што днямі ў рэспубліканскі шпіталь, дзе лячыўся яго бацька, патрапіў Міхаіл Марыніч.

(Уладзімір Леванеўскі: ) “Мяркую, гэта зроблена адмыслова, каб яны не маглі там сустрэцца, перагаварыць, каб палітычныя вязьні ня мелі зносінаў”.

Мінулы тыдзень Валер Леванеўскі праходзіў абсьледаваньне ў рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Менску і ў лістах да сваякоў паведамляў, што затрымаецца там на лячэньне ня меней як на месяц. Гэтыя зьвесткі пацьвярджалі і дактары. Яны адзначалі, што ў Леванеўскага шэраг захворваньняў, якія патрабуюць лячэньня ў шпіталі.

У менскай калёніі, на тэрыторыі якой знаходзіцца шпіталь, адмовіліся камэнтаваць прычыны вяртаньня Валера Леванеўскага ў Івацэвіцкую калёнію. У Івацэвіцкай калёніі паведамілі, што Леванеўскі ўжо прыбыў у калёнію і цяпер утрымліваецца ў карантыне.

Міхаіл Марыніч быў зьмешчаны ў рэспубліканскі турэмны шпіталь 31 кастрычніка. Паводле адваката і сваякоў вязьня, у яго зноў рэзка пагоршылася здароўе, амаль зьнікла адчувальнасьць паловы цела. Лекары тлумачаць гэта наступствамі інсульту, які Міхаіл Марыніч перанёс у сакавіку, калі ўжо знаходзіўся ў няволі. 3 лістапада сваякі Міхаіла Марыніча ня мелі новых зьвестак пра ягоны стан здароўя.

Валер Леванеўскі і Міхаіл Марыніч прызнаныя арганізацыяй “Міжнародная амністыя” вязьнямі сумленьня. Да арышту ў 2004 годзе абодва бралі актыўны ўдзел у палітычным жыцьці краіны, былі лідэрамі апазыцыі.
XS
SM
MD
LG