Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія прадпрымальнікі працягваюць галадоўку


Алег Супрунюк, Берасьце На іхны настрой не паўплывала рашэньне кіраўніцтва Вышэйшага гаспадарчага суду часова прыпыніць санкцыі супраць тых уладальнікаў таксовак, каго падатковая інспэкцыя прымушае сплаціць дзясяткі мільёнаў рублёў у якасьці так званага рэспубліканскага збору.

Прадпрымальніцы Любоў Лаўруковіч і Любоў Рэзановіч працягваюць галадоўку, якую пачалі 20 верасьня. Спадарыня Рэзановіч кажа, што ўжо адчувае вынікі таго, што адмовілася ад ежы:

(Рэзановіч: ) “Так, зразумела, я ўжо чацьвертыя суткі галадаю. Я ўжо адчуваю сябе адпаведна: і галава кружыцца, і слабасьць вялікая”.

Сёньня прадпрымальніцы даведаліся, што першы намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі Яўген Сьмірноў выдаў распараджэньне, паводле якога на паўтара месяца прыпыняюцца санкцыі ў дачыненьні да берасьцейскіх прадпрымальнікаў, якім падатковая інспэкцыя выставіла патрабаваньне сплаціць рэспубліканскі збор за выкарыстаньне аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах. Гэты збор быў уведзены ў адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі летась у красавіку, аднак пачаў дзейнічаць “заднім чыслом” — у дачыненьні машынаў, што былі ўвезеныя ў Беларусь значна раней.

Адна з галадоўніц Любоў Лаўруковіч, ад якой падатковыя органы спрабуюць спагнаць дадаткова ў бюджэт каля 30 мільёнаў рублёў, лічыць гэтае судовае распараджэньне недастатковым, яна распавяла, на што разьлічваюць удзельнікі галадоўкі:

(Лаўруковіч: ) “Каб трактавалі ўказ так, як патрэбна яго трактаваць. Нам больш нічога ад уладаў ня трэба. Мы іншага нічога не патрабуем”.

Паводле зьвестак прадпрымальнікаў, пытаньне наконт правамоцнасьці спагнаньня з уладальнікаў таксовак рэспубліканскага збору будзе зноў абмяркоўвацца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе ў панядзелак, 26 верасьня, з удзелам прадстаўнікоў Берасьцейскага аблвыканкаму. Ад вынікаў гэтых абмеркаваньняў залежыць, ці будуць прадпрымальнікі працягваць галадоўку і ці павялічыцца колькасьць удзельнікаў акцыі пратэсту.
XS
SM
MD
LG