Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разагналі "Ланцуг неабыякавых людзей" (фота)


RFE/RL Шэсьць гадоў таму, 16 верасьня 1999-га, па дарозе дадому зьніклі былы віцэ-прэм’ер і кіраўнік Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і ягоны сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Каб адзначыць гэтую дату, у Менску ў пятніцу, нягледзячы на кепскае надвор''е, сабралася больш як сотня чалавек з партрэтамі зьніклых. Акцыю разагналі амонаўцы. Падрабязнасьці – у нашага менскага карэспандэнта, які прысутнічаў на Кастрычніцкай плошчы.

У акцыі прынялі ўдзел больш за сто чалавек – гэта пераважна моладзь, сябры рухаў "Зубр" і "Маладога фронту", актывісты апазыцыі, родныя і знаёмыя зьніклых, многа было журналістаў.

На пачатку акцыі яе ўдзельнікі ўтварылі жывы ланцуг на плошчы, уздоўж праспэкту. Яны трымалі ў руках партрэты Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага. Гэтыя партрэты былі скіраваныя ў бок будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі. Аднак празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку акцыі, а 18.15, выбегла вялікая група амонаўцаў, якія зрабілі свой ланцуг, шчыльна выстраіліся перад дэманстрантамі й літаральна закрылі сваімі сьпінамі партрэты зьніклых.

Ім паступіў загад ачысьціць плошчу ад дэманстрантаў. Амонаўцы пачалі выціскаць удзельнікаў акцыі з плошчы часткамі, хапалі зь іх рук партрэты зьніклых, тапталі і рвалі. Але пакуль яны выціскалі з плошчы адну групу, адно зьвяно жывога ланцуга, на тым жа месцы ўзьнікала новае зьвяно. Таму амонаўцам давялося пабегаць. Супрацоўнікі АМОНу ўжылі такую тактыку – яны выводзілі дэманстрантаў у бок Сьвіслачы і пакідалі іх пад мостам. Адтуль дэманстранты вярталіся на плошчу – трэба было праехаць на мэтро. Даводзілася вяртацца і амонаўцам. Такі рух працягваўся даволі доўга, нягледзячы на дрэннае надвор''е: у Менску ішоў дождж. Удзельнікі акцыі сьпявалі, скандавалі: "Жыве Беларусь", "Свабоду".

Нагадаю, падчас падобнай акцыі ў 5-ую гадавіну зьнікненьня Зьмітра Завадзкага два амонаўцы зьбілі ягоную жонку, Сьвятлану Завадзкую. Гэты інцыдэнт меў вялікі розгалас, але, відаць, ня надта падзейнічаў на амонаўцаў.

Паводле сябра моладзевага руху "Зубр" Мікіты Сасіма, амонаўцы ўсё ж пасьпелі ўдарыць некалькіх дэманстрантаў падчас сёньняшняй акцыі. Сярод пацярпелых сам Мікіта Сасім.

(Сасім: ) "Ну, мне некалькі разоў ударылі па нырках. Калі супрацоўнікі міліцыі вялі ўсіх да мосту, яны ўсю дарогу проста білі там у сьпіну людзей нагамі і кулакамі".

Вельмі жорстка прадстаўнікі праваахоўчых органаў, людзі ў цывільным, расправіліся з партрэтамі зьніклых.

Распавядаюць удзельніцы акцыі:

(Спадарыня: ) "Спэцназавец, гэта ж далей ужо няма куды, вырваў партрэт, зьмяў яго і яшчэ нагой вось так растаптаў. Гэта ж зьвяр''ё нейкае".

(Карэспандэнт: ) "А Вы зь якім партрэтам прыйшлі на гэтую акцыю?"

(Спадарыня: ) "Я прыйшла з партрэтам Захаранкі".

(Карэспандэнт: ) "А як Вам удалося яго захаваць?"

(Спадарыня: ) "У мяне ён такі ў цэляфанчыку, адмыслова, зь вяровачкай, я яго вешаю на шыю і заўсёды зь ім хаджу. То яны, праўда, не пасьмелі. Я кажу, пасьмей толькі".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы лічыце, чаму яны ўсё ж баяцца гэтай праўды, гэтай акцыі, выганяюць, выціскаюць з плошчы?"

(Спадарыня: ) "Як кажуць, як чорт ладана баіцца, так і яны баяцца свайго народу, баяцца, што зьбярэцца некалькі чалавек, і ўжо ім гэта страшна".

(Спадарыня: ) "Чаму прыйшлі, таму што я неабыякавы чалавек. У мяне таксама там дзеці, унукі. Мне хочацца, каб будучыня была, каб жылі ў нармальнай краіне. Краіна з лукашэнкаўскім рэжымам вядзе ў тупік".

Фота зь месца падзеяў









Гл. таксама • Шэсьць гадоў таму зьніклі В.Ганчар і А.Красоўскі • У Менску на Кастрычніцкай плошчы адбываецца акцыя • У Бішкеку таксама помняць пра зьніклых у Беларусі (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG