Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Саюзу палякаў Андрэя Пачобута пакаралі штрафам (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня актывіста Саюзу палякаў журналіста Андрэя Пачобута пакаралі адміністрацыйным штрафам памерам з адну базавую велічыню – нібыта за нецэнзурную лаянку каля Шчучынскага райаддзелу міліцыі. У сярэдзіне дня ля кватэры не прызнаванай беларускімі ўладамі старшыні СПБ Анжалікі Борыс зьявіліся міліцыянты. Яе самой дома не было, але міліцыянты настойліва запатрабавалі адчыніць дзьверы, і малодшая сястра Анжалікі Ганна мусіла ўпусьціць іх у кватэру.

Два супрацоўнікі крымінальнага вышуку сказалі Ганьне Борыс, што прыйшлі ў сувязі з расьсьледаваньнем справы, заведзенай на заяву прадстаўніка польскага камітэту “Салідарныя зь Беларусьсю” Міхала Дворчака. Невядомыя напалі на яго побач з домам, дзе жывуць Анжаліка й Ганна Борыс, і забралі заплечнік. Пакуль у кватэры знаходзіліся міліцыянты, прыехала сама Анжаліка Борыс ды польскія журналісты, і міліцыянты неўзабаве сышлі.

А вось прыхільніка Анжалікі Борыс журналіста Андрэя Пачобута сёньня ў Шчучыне судзьдзя Тацяна Тадароўская прызнала вінаватым у дробным хуліганстве. У пятніцу машыну, якой журналіст ехаў з калегам з газэты “Салідарнасьць” Іванам Романам, міліцыянты затрымалі на выезьдзе са Шчучына. Нанач затрыманых пакінулі за кратамі ў міліцэйскім ізалятары, а ў суботу абодвух выпусьцілі. Івана Романа аштрафаваў, таксама на адну мінімалку быццам бы за дробнае хуліганства, намесьнік начальніка шчучынскай міліцыі спадар Зубель.

Андрэй Пачобут вярнуўся сёньня са Шчучына і прыйшоў у Кастрычніцкі суд Горадні, дзе чакаўся разгляд адміністрацыйнай справы ягонага брата Станіслава, якога міліцыянты таксама затрымалі нібыта за дробнае хуліганства.

Андрэй Пачобут так расцэньвае затрыманьні і суды над прыхільнікамі Анжалікі Борыс, што не спыніліся пасьля таго, як на патрабаваньне ўладаў у Ваўкавыску паўторна адбыўся 6-ы зьезд СПБ:

(Пачобут: ) “Зьезд — гэта толькі пачатак барацьбы за рэгіянальныя структуры. Цяпер улады спрабуюць прымусіць рэгіянальных лідэраў, рэгіянальныя арганізацыі СПБ прызнаць гэты выбар, гэта значыцца прызнаць Юзафа Лучніка старшынём арганізацыі і падпарадкавацца яму. Таму ціск на нас будуць і надалей чыніць. Усе актыўныя асобы зь кіраўніцтва Саюзу палякаў сёньня маюць супраць сябе крымінальныя справы, гэтак нас, скажам так, падвесілі на кручок і спадзяюцца, што мы спынімся. Але я магу ўжо нават ад імя кіраўніцтва сказаць, што крымінальны перасьлед нас не спалохае, мы нікуды зьяжджаць не зьбіраемся, мы будзем працягваць сваю дзейнасьць, будзем працягваць змагацца за арганізацыю”.

Сёньня ж Андрэя Пачобута дапыталі ў Шчучыне па крымінальнай справе супраць яго, журналіста Анджэя Пісальніка і двух намесьнікаў старшыні СПБ Анжалікі Борыс — Веслава Кеўляка і Юзафа Пажэцкага. Справа распачатая на заяву дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана, які вінаваціць усіх чатырох у тым, што яны, пагражаючы яму, змушалі аддаць ключы і пакінуць кабінэт. Сьледзтва лічыць актывістаў СПБ падазраванымі ў гэтай справе.

У сераду мае адбыцца суд яшчэ над адным актывістам Саюзу палякаў. У Ваўкавыску будуць судзіць старшыню Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі СПБ Мечыслава Яскевіча. Яго затрымалі у Ваўкавыску ў мінулую пятніцу. Паводле міліцэйскага пратаколу, Яскевіч меўся арганізаваць несанкцыянаваны мітынг падчас паўторнага зьезду Саюзу палякаў 27 жніўня. Пасьля заканчэньня гэтага зьезду увечары ў суботу спадара Яскевіча адпусьцілі.

На здымку: Андрэй Пачобут
XS
SM
MD
LG