Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады ня могуць прадаць кінатэатр


Юлія Шарова, Менск Агляд незележнага друку за 16 жніўня

“Белорусская деловая газета” высьвятляе, чым Павал Барадзін адрозьніваецца ад іншых чыноўнікаў высокага рангу. Аглядальнікі газэты выказваюць меркаваньне, што свой фатэль спадар Барадзін яшчэ ня страціў толькі з прычыны таго, што ўмее камунікаваць з журналістамі й на кожнае пытаньне мае адказ. Дзяржсакратар гэтак званай саюзнай дзяржавы любіць раздаваць эксклюзіўную інфармацыю, кшталту таго, что беларуска-расейскі саюз будзе разьвівацца па прынцыпе Эўразьвязу. Аднак іншыя крыніцы такія заявы звычайна не пацьвярджаюць.

Таксама БДГ распавядае, як Міністэрства спорту й турызму зьбіраецца разьвіваць вясковы турызм і заахвочваць сялянаў да заняткаў фізкультурай.

Сёньняшні “Витебский курьер” піша пра тое, як віцебскія гарадзкія ўлады распрадаюць правы арэнды на камунальную ўласнасьць з аўкцыёнаў. Пакуль ня могуць знайсьці ўласьнікаў на кінатэатар “Беларусь”. Апрача таго, хочуць пусьціць на аўкцыён будынак былога гарваенкамату. Нават калі яго прададуць, бюст Суворава, што стаіць ля ваенкамату, застанецца на месцы, абяцаюць чыноўнікі.

Павал Севярынец распавёў “Витебскому курьеру”, што ён будзе рабіць на “хіміі”. Як высьветлілася, вядомы беларускі палітык узяў туды падручнікі для зэкаў. У мястэчка Ветрына Полацкага раёну ён павёз праваслаўную, каталіцкую й пратэстанцкую Бібліі, а таксама гістарычную літаратуру на беларускай мове, даведнікі й падручнікі па беларускай мове. А яшчэ спадар Севярынец будзе працаваць над новай кнігай.

“Комсомольская правда в Белоруссии” расказвае пра тое, як сталічным уладам не хапіла грошай на турэцкага сьпевака Таркана. Яго хацелі запрасіць на Дзень гораду, але “зорку” перакупіла расейскае міністэрства культуры. Таркан будзе сьпяваць на 1000-годзьдзі Казані.

Апрача таго, “Камсамолка” зьмяшчае карысную інфармацыю пра тое, як вярнуць ПДВ з тавараў, набытых у краінах Эўразьвязу. Паколькі Беларусь у гэтае аб’яднаньне не ўваходзіць, то беларускія грамадзяне, робячы там пакупкі, могуць вярнуць частку патрачаных грошай – да 25 адсоткаў ад кошту пакупкі. Галоўнае – правільна аформіць усе чэкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG