Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці задавальняе А.Лукашэнку кандыдатура новага расейскага амбасадара?


Ігар Карней, Менск Заплянаваны на 28 ліпеня прыезд у Беларусь новага амбасадара Расеі Дзьмітрыя Аяцкава адкладваецца на няпэўны тэрмін. Назіральнікі ў гэтым зьвязку кажуць, што Аляксандар Лукашэнка вельмі не задаволены нядаўнімі выказваньнямі былога саратаўскага губэрнатара, які сказаў, што ў рангу амбасадара не зьбіраецца хадзіць на паклон да беларускага кіраўніцтва. На гэта сьведчыла і ўчорашняя заява Лукашэнкі, які назваў Аяцкава “будучым, або, можа, і ня будучым амбасадарам Расеі ў Беларусі”.

У амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі ніяк не тлумачаць прычыны адтэрміноўкі прылёту амбасадара Дзьмітрыя Аяцкава. Толькі кажуць, што пра нейкія новыя тэрміны нічога ня ведаюць. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што адказ ускосна ўтрымліваецца ў словах Аляксандра Лукашэнкі, які на ўчорашняй нарадзе паставіў пад сумнеў статус расейскага амбасадара.

(Якаўлеўскі: ) “На нарадзе ў прэзыдэнта згадваўся і Аяцкаў. Лукашэнка нечакана сказаў: можа амбасадар, а можа і не. І дадаў, што цяпер разьбіраецца наконт будучай працы Аяцкава”.

(Карэспандэнт: ) “Што магло быць пастаўлена пад сумнеў вось гэтым выказваньнем?”

(Якаўлеўскі: ) “Лукашэнка, відаць, быў не задаволены словамі Аяцкава, які нядаўна сказаў: Лукашэнка — гэта Лукашэнка, а Пуцін — гэта Пуцін, і ніхто на пабягушках тут ня будзе. Мабыць, даваў зразумець, што ў рангу расейскага амбасадара ён ня будзе выконваць прыхамаці Лукашэнкі”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што прэцэдэнтаў, калі амбасадар атрымаў агрэман, а потым яго адклікаюць, ва ўсім сьвеце няшмат. Але ён лічыць, што Аяцкаў неўзабаве ўсё ж распачне працу.

(Фёдараў: ) “Аяцкаў атрымаў агрэман, і калі пасьля гэтага адмаўляюць у прыезьдзе — зьява даволі рэдкая. Як бы там ні было, адцягваньне ягонага прыезду зьвязанае з выказваньнямі самога Аяцкава і ўчорашнімі выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі на адрас амбасадара”.

(Карэспандэнт: ) “Тэарэтычна можа быць такі варыянт, што ад паслугаў Аяцкава могуць увогуле адмовіцца?”

(Фёдараў: ) “Тэарэтычна гэта ня выключана, хоць уявіць гэта даволі цяжка, бо гэта будзе зьнявага таго ж Пуціна, які Аяцкава прызначыў. Думаю, усё ж да гэтага ня дойдзе, хоць пэўную “вывалачку” ён атрымае і тут, і там. Прыедзе, і будзе вініцца як толькі можа, што яго ня так зразумелі. І яму даруюць”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, яго сапраўды ня так зразумелі? Можа, ён ня так ужо і крытыкаваў беларускія ўлады?”

(Фёдараў: ) “Можа быць, але тое, што я чуў, сапраўды даволі зьневажальна: Лукашэнка павінен разумець, што ніхто да яго на паклон ня пойдзе і гэтак далей”.

Журналіст Раман Якаўлеўскі прыгадвае, што Расея ўжо мае сумны досьвед адмовы ад кандыдатуры амбасадара.

(Якаўлеўскі: ) “У Расеі ўжо ёсьць падобны досьвед прызначэньня амбасадара. Вядомы колісь палітык Рамазан Абдулатыпаў быў прызначаны Пуціным расейскім амбасадарам у Туркмэністане. Але Туркмэнбашы адмовіўся прымаць Абдулатыпава. Так што досьвед у Расеі ўжо ёсьць. І ў дадзеным выпадку пасьля афіцыйнага прызначэньня Аяцкава амбасадарам у Беларусі Лукашэнка паставіў гэтую кандыдатуру пад сумнеў”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта значыць, што ініцыятыва такой адтэрміноўкі магла быць беларуская?”

(Якаўлеўскі: ) “Толькі. І гэта вельмі цікава выглядае на тле выказваньняў Лукашэнкі пра вельмі прадуктыўную сустрэчу ў Завідаве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG