Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Больш як 200 вернікаў зь Менску выправілася ў пілігрымку ў Будслаў (фота)


Галіна Абакунчык, Менск 27 чэрвеня зь менскага архікатэдральнага касьцёлу імя Найсьвяцейшай панны Марыі выправілася пешая пілігрымка да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у вёсцы Будслаў Мядзелскага раёну. Больш за 200 пілігрымаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама замежжа цягам пяці дзён пераадолеюць 120 кілямэтраў і завершаць малітоўную вандроўку каля будслаўскага касьцёлу 1 ліпеня. Затым яны возьмуць удзел ў сьвяце ўрачыстага ўшанаваньня абраза Маці Божай Будслаўскай, якое штогод праводзіцца 2 ліпеня.

Перад пачаткам пілігрымкі ў катэдральным касьцёле адбылося ўрачыстае набажэнства. Яго адправіў кардынал Казімер Сьвёнтэк, які блаславіў пілігрымаў на духовы шлях. Для многіх удзельнікаў шэсьця, якія выправіліся ў пілігрымку ўпершыню, гэта сталася асаблівай падзеяй.

(Карэспандэнтка: ) “Упершыню ідзяцё?”

(Юначка: ) “Так, першы раз. І маю такое ўзьнёслае пачуцьцё. Спадзяюся, што гэта першы раз, але далёка не апошні”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вам даюць гэтыя пешыя пілігрымкі й што для вас яны значаць?”

(Юначка: ) “Пасьля пілігрымкі ў табе шмат што вельмі мяняецца ў лепшы бок. І ўвогуле гэта вельмі яскравы пэрыяд жыцьця”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія спадзяваньні ўскладаеце на пілігрымку й якія просьбы будзеце складаць Маці Божай Будслаўскай?”

(Юнак: ) “У Маці Божай будзем прасіць спакою й аб лепшым становішчы ў нашай краіне. Каб лягчэй дыхалася ва ўсіх адносінах”.

Сярод амаль трох сотняў пілігрымаў людзі рознага веку, адукацыі і сацыяльнай прыналежнасьці. Некаторыя маладзёны апранулі майкі з выявамі Пагоні, а на рукавы і кепкі навязалі бел-чырвона-белыя стужкі. Людзі сярэдняга і сталага веку ўзялі ў рукі жоўта-белыя сьцягі Ватыкану, а таксама парафіяльныя сымбалі і выявы сьвятых. Многія зь пілігрымаў выправіліся ў да Маці Божай Будслаўскай сем’ямі. Сярод іншых – Іна і Андрэй Любецкія зь Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Вы таксама ідзяцё ўпершыню?”

(Іна: ) “Так, я іду ўпершыню, іду з усёй сваёй сям''ёй. Вельмі хвалююся, бо адчувала сябе ня вельмі добра. Але ў маёй душы жыве надзея, што папраўлюся й дайду да Маці Божай Будслаўскай. І ахвяра, якую я складаю, будзе прынятая, а ўсе задумы збудуцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вас натхняе на такую дарогу?”

(Андрэй: ) “Са мной ідзе мая жонка й мая дачка. Я таксама вельмі хвалююся, што ісьці далёка, але я даў сабе пастанову, каб абавязкова дайсьці ў тых інтэнцыях, якія я сабе пастанавіў. Са мной ідуць мая жонка й мая дачка й я вельмі рады, што не адзін іду, а са мной ідуць мае родныя людзі. Для мяне гэта вельмі важна”.

Пешая пілігрымка зь Менску ў Будслаў сёлета выпраўляецца пятнаццаты раз. Парафіянін Генадзь Гадлеўскі пераадольвае гэты шлях кожны раз ад 1992 году. Паводле яго, з кожным годам большае колькасьць удзельнікаў набожнай вандроўкі, а таксама зьмяняецца стаўленьне да пілігрымаў з боку жыхароў тых мясьцінаў, празь якія праходзіць шлях да сьвятыні. Гаворыць Генадзь Гадлеўскі:

(Гадлеўскі: ) “Першыя гады людзі, асабліва ва ўсходняй Беларусі, ня ведалі што гэта такое. Нават так жартавалі, што, маўляў, лепш пайшлі бы папалолі буракі. Але апошнімі гадамі прывыкаюць. Ну, а ў заходняй Беларусі заўсёды ведалі й вельмі гасьцінна прымалі. Літаральна на калені становяцца, калі мы ідзём”.

Разам зь менскай пілігрымкай у Будслаў выправілася вялікая група вернікаў з Санкт-Пецярбургу, а таксама парафіяне, сьвятары і законныя сёстры зь іншых рэгіёнаў Беларусі. Адна зь іх — сястра ордэну служыцелек найсьвяцейшай Панны Марыі зь Віцебску.

(Сястра: ) “Для мяне пілігрымка – гэта заўсёды час асаблівай сустрэчы з панам Богам, гэта складаньне ахвяры. А зь іншага боку – гэта дарога да Маці Божай – яна заўсёды патрэбная чалавеку. Нам заўсёды патрэбна рабіць новыя крокі ў справе свайго далучэньня да пана Бога й заўсёды варта распачынаць ад самага пачатку”.

Пілігрымы зь Менску, а таксама зь іншых касьцёлаў Беларусі прыбудуць у Будслаў увечары 1 ліпеня. У ноч на 2 ліпеня і ўвесь наступны дзень тут будуць праходзіць урачыстыя набажэнствы ў гонар цудатворнага абразу Маці Божай Будслаўскай. Удзел ва ўрачыстасьцях штогод прымаюць каля 30 тысяч вернікаў зь Беларусі і замежжа, а таксама боль за сотню сьвятароў.

Будслаўскі касьцёл бэрнардынцаў, які месьціцца ў вёсцы Будслаў Мядзелскага раёну, быў пабудаваны ў 1783 годзе. Абраз Маці Божай Будслаўскай датуецца канцом 16 стагодзьдзя. Паводле гістарычных зьвестак, цудатворнае зьяўленьне Маці Божай айцам-бэрнардынам адбылося на гэтым месцы 2 ліпеня 1588 году. Тады ж і ўзьнікла традыцыя пілігрымак у Будслаў, якія адбываліся нават у савецкі час. Але першая афіцыйная пілігрымка была дазволена толькі ў 1992 годзе. Будслаўскі касьцёл абвешчаны Нацыянальным Санктуарыем і з блаславеньня папы рымскага Яна Паўла ІІ абраз Маці Божай Будслаўскай уганараваны залатой каронай 2 ліпеня 1998 году.
XS
SM
MD
LG