Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух нараджальнасьці ў Францыі


Натальля Судлянкова, Прага “Эканоміку Францыі цяжка лічыць прыкладам для ўсёй Эўропы, але прынамсі адзін аспэкт францускай палітыкі дае вялікія дывідэнды,” – піша брытанская газэта Sunday Times і дадае, што гаворка йдзе пра меры, якія стымулявалі нараджальнасьць у краіне. Паводле аўтара газэты Matthew Campbell, Францыя можа ў 2050 годзе стаць самай вялікай з пункту гледжаньня насельніцтва краінай у Эўропе.

Узровень нараджальнасьці ў Францыі выйшаў на другое месца ў Старым Сьвеце. Калі гэты рост захаваецца, дык колькасьць насельніцтва краіны павялічыцца зь сёньняшніх 60 мільёнаў да 75 мільёнаў у 2050 годзе. Гэты рост дае магчымасьць Францыі, якая страціла свой ранейшы ўплыў у Эўропе, стаць дамінантнай сілай на кантынэнце.

Паводле экспэртаў, адзначае газэта Sunday Times, толькі чвэрць гэтага росту можна патлумачыць іміграцыяй. Асноўны ўнёсак у прырост насельніцтва – гэта ўрадавая палітыка падтрымкі сем’яў зь дзецьмі. Да росту нараджальнасьці спрычынілася таксама ўвядзеньне 35- гадзіннага працоўнага тыдню, што дало супругам магчымасьць больш часу праводзіць у сям’і. Газэта прыводзіць прыклад 34-гадовай маці трох хлопчыкаў Сэлін Барыл, якая працуе сакратаркай у юрыдычнай фірме. Пасьля нараджэньня кожнага дзіцяці яна атрымлівала чэк на амаль 900 даляраў, а кожны месяц яна атрымлівае 500 даляраў дапамогі на дзяцей.

Сям’я, у якой падрастаюць трое дзяцей, лічыцца шматдзетнай, і праезд, напрыклад, у цягніку для такіх сем’яў абыходзіцца на 30% таньней. Для сем’яў з чатырма дзецьмі зьніжка будзе 40%, для сем’яў, у якіх расьце сямёра дзяцей – 70%. Зьніжкі шматдзетным сем’ям даюць таксама на праезд у мэтро і на квіткі ў кіно.

Бацькам даецца магчымасьць цягам першых трох гадоў пасьля нараджэньня дзіцяці працаваць няпоўны працоўны дзень.

Паводле супрацоўніцы Нацыянальнага інстытуту дэмаграфіі Франс Прыокс, вельмі важнай для падвышэньня нараджальнасьці была праграма падтрымкі жанчынаў, якія маюць дзяцей і працягваюць працаваць. Францыя выдаткоўвае на праграмы падтрымкі сямей болей за іншыя краіны Эўразьвязу – 4,5% валавага ўнутранага прадукту. Лябісцкія структуры, зьвязаныя з праблемамі сям’і, сталі ў Францыі аднымі з найбольш моцных. Так, Нацыянальны Зьвяз сямейных асацыяцыяў практычна не дазваляе палітыкам праводзіць законы, якія зьніжалі б ільготы сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Гэтая палітыка дае Францыі значную перавагу ў параўнаньні з іншымі краінамі Эўропы з пункту гледжаньня павялічэньня колькасьці насельніцтва. Паводле падлікаў дэмографаў,у сярэдзіне стагодзьдзя насельніцтва Вялікай Брытаніі дасягне 67 мільёнаў, а ў Нямеччыне адбудзецца падзеньне зь сёньняшніх 82 да 70 мільёнаў чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG