Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса абмяркоўвае маскоўскі блэк-аўт


Галіна Абакунчык, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы.

Тыднёвік “Беларуская газэта” у сёньняшнім нумары друкуе вялікі аналітычны матэрыял, прысьвечаны масаваму адключэньню электрычнасьці ў Расеі. Што здарылася ў Маскве й якая роля ў гэтым спэцслужбаў? Чаму Пуцін так апэратыўна адрэагаваў на адбытае? Адказваючы на гэтыя й іншыя пытаньні“Беларускай газэты”, адзін расейскі палітоляг заявіў, што пра гэтае адключэньне сьвятла будуць узгадваць, як першую сэрыю тэхнагенных катастрофаў, якія ў выніку загубяць пуцінскі рэжым.

“Біямэтрыя – не перашкода на шляху ў Эўропу” – так называецца яшчэ адзін артыкул сёньняшняга нумару “Беларускай газэты”. Гэта інтэрвію з амбасадарам Францыі ў Беларусі Стэфанам Шмялеўскім з нагоды новай формы візаў, уведзеных францускай амбасадай. Паводле спадара Шмялеўскага, біямэтрычныя візы – альбо электронны адбітак пальцаў – неўзабаве будуць выдаваць амбасады ўсіх краінаў.

Тыднёвік “Беларускі рынак” падае храналёгію разьвіцьця беларуска-польскага скандалу. Гаворка вядзецца пра непрызнаньне Міністэрствам юстыцыі вынікаў перавыбараў старшыні “Саюзу палякаў” і пагрозай зьліквідаваць гэтую грамадзкую арганізацыю. А таксама пра высылку зь Беларусі польскага дыплямата й забарону на ўезд на тэрыторыю Польшчы шэрагу беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку міністра Галаванава.

І яшчэ адзін тыднёвік “Брэсцкая газэта” паведамляе, што з надыходам цяпла трое жыхароў Берасьцейшчыны патрапілі ў шпіталь з-за таго, што іх моцна пакусалі кляшчы. З гэтай жа прычыны па дапамогу да лекараў зьвярталіся яшчэ 18 чалавек. Як вядома, летнія месяцы ёсьць часам актывізацыі камароў, сьляпнёў і розных кузурак, якіх у народзе празвалі гнусам. Напады гэтых істотаў на людзей і жывёлаў ёсьць небясьпечнымі. У гэтым зьвязку мэдыкі даюць парады, як абараняцца ад гнуса, а таксама раяць не марудзіць і зьвяртацца па дапамогу ў шпіталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG