Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выканаў Лукашэнка свае абяцаньні дробным бізнэсоўцам?


Міхал Стэльмак, Менск Міністэрства эканомікі зацьвердзіла мэтадычныя рэкамэндацыі па арэнднай плаце для прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Чым выкліканая гэтая ініцыятыва?

Паводле афіцыйнай інфармацыі, такім чынам рэалізуецца прэзыдэнцкі ўказ, які быў выдадзены ў сакавіку ў сувязі з агульнанацыянальнай акцыяй пратэсту бізнэсоўцаў. Нагадаем, гэтая акцыя была справакаваная ўвядзеньнем для іх падатку на даданую вартасьць. Дык вось, Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з прадпрымальнікамі, якая адбылася тады ж у сакавіку, заявіў: падатак ён захавае, але зробіць сур’ёзны крок насустрач гандлярам у пытаньні арэнднай платы. Інакш кажучы, паабяцаў зьніжэньне фінансавага цяжару за арэнду гандлёвых месцаў, якое нібыта кампэнсуе бізнэсоўцам іхныя дадатковыя выдаткі. Ці спраўджваюцца абяцаньні Лукашэнкі? Вось што паведаміў на гэты конт менскі прадпрымальнік, актывіст грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Андрэй Шэўчык:

(Шэўчык: ) “На рынку “Ждановічы” арэнду ня зьнізілі. На рынку “Сьвелта”, я ведаю дакладна, арэнду павысілі. На рынку “Дынама” пра зьніжэньне арэнды ніхто не вядзе нават гаворкі”.

У рэгіёнах, паводле зьвестак “Пэрспэктывы”, справы яшчэ горшыя, чымсьці ў сталічных бізнэсоўцаў. Грамадзкі розгалас, які набыў канфлікт прадпрымальнікаў з уладамі, нэгатыўна адбіўся на прыцягальнасьці рынкаў. Пакупнікі сталі радзей хадзіць сюды, бо ў сувязі з павелічэньнем падатковага цяжару на дробны бізнэс робяць высновы пра рост цэнаў. У сваю чаргу, зьніжэньне попыту на прадпрымальніцкія тавары моцна б’е па даходах гандляроў. У выніку, многія зь іх у адчаі. Паколькі бізнэс стратным ня можа быць, а прыбыткаў не прадбачыцца, то яны зьбіраюцца кідаць прадпрымальніцтва. Такія настроі, напрыклад, у асяродзьдзі гандляроў Слуцку, пра што распавяла іхная лідэрка Соф’я Міцяшова:

(Міцяшова ) “Мяне, напэўна, усімі гэтымі ўказамі, пастановамі і законамі пакідаюць практычна без капейкі. Большасьць прадпрымальнікаў, паводле іх размоваў, зьбіраюцца спыніць гандаль. Куды дзенем людзей у рэгіёнах?”

Як жа ставяцца ўлады да заняпаду дробнага бізнэсу? Яны фактычна глядзяць на прадпрымальніцкія праблемы скрозь пальцы. Лукашэнка, напрыклад, сёлета ініцыяваў стварэньне на рынках краіны так званых прадпрымальніцкіх радаў. Як гучала зь ягоных словаў, гэтыя структуры стануць органамі самакіраваньня гандляроў, празь якія будуць вырашацца прадпрымальніцкія праблемы. Цяпер высьвятляецца, што ўлады адмахваюцца ад іх. Асабліва, калі ў склад гэтых радаў уваходзяць актывісты “Пэрспэктывы”, якія ў сакавіку былі ў першых шэрагах удзельнікаў агульнанацыянальнага страйку. У Барысаве, напрыклад, прадпрымальніцкую раду ўзначальвае сябра “Пэрспэктывы” і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Гарбачоў. Дык вось, барысаўскія ўлады ўхіляюцца ад дыялёгу зь ім і ягонымі калегамі. Між тым, прадпрымальнікі, паводле спадара Гарбачова, днямі ўшаноўвалі вэтэранаў вайны:

(Гарбачоў: ) “На адным з рынкаў сабралі грошай. Купілі мяккіх пледаў, шампанскага, цукерак, кветак. Пайшлі ў раду вэтэранаў. Запрасілі і ад імя прадпрымальнікаў павіншавалі вэтэранаў са сьвятам. Зараз каля дваццаці чалавек будзем падпісваць на апазыцыйныя газэты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG