Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 25-ы: галадоўнікаў наведала здымачная група расейскага TV


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня 25-ы дзень галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Хуткая дапамога даставіла ў шпіталь першага з галадоўнікаў, якія галадаюць разам з Аўтуховічам. І яшчэ ўдзельнікаў акцыі пратэсту наведала здымачная група Першага каналу грамадзкага расейскага тэлебачаньня зь Менску.

У справе галадоўнікаў адбыліся невялікія зрухі. Заўчора Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў дзеяньне штрафных санкцыяў (267 мільёнаў рублёў) супраць Мікалая Аўтуховіча. Паводле яго, днямі ў Генэральнай пракуратуры быў падрыхтаваны пратэст адносна рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду, што датычыць штрафных санкцыяў супраць “Ніка-транс” — фірмы-партнэра Аўтуховіча. Аднак пратэст гэты не падпісваюць, таму галадоўка не спыняецца.

Тым часам хуткая дапамога забрала дыспэтчара таксі Алену Літвін, яна далучылася да галадоўкі нядаўна, але ў дактароў узьнікла падазрэньне, што ў яе можа быць апэндыцыт.

Пяць дзён галадае Канстанцін Уланаў, вэтэран савецка-аўганскай вайны, які прыехаў падтрымаць галадоўнікаў зь Менску.

(Уланаў: ) “Я магу стаяць доўга, пакуль не запануе праўда. Але рэч у тым, што гэта не ад мяне залежыць — колькі будзе галадоўка, гэта пытаньне тых арганізацыяў, якія распачалі гэтае мерапрыемства. Таму што я магу сказаць? Будзем стаяць да апошняга. Вось хлопцы тэлефанавалі зь Менску, кажуць, што падтрымліваюць, таксама абяцаюць пад’ехаць”.

Кіроўца грузавіка фірмы “Ніка-транс” Аляксандар Данкевіч галадае 18 дзён. Ён гаворыць, што надзея памірае апошняй.

(Данкевіч: ) “Але ня ўсё ў гэтым сьвеце залежыць ад нас. Чыноўнікі не сьпяшаюцца зьмяніць хаду падзеяў у лепшы бок, у бок праўды”.

Мікалай Аўтуховіч так гаворыць пра сёньняшнія мэты галадоўнікаў.

(Аўтуховіч: ) “У нас сёньня асноўная задача-запусьціць грузавыя машыны, якія чацьверты месяц стаяць пад плотам. Каб кіроўцы зараблялі грошы, каб колы круціліся, каб плацілі падаткі. У пракуратуры па “Ніка-транс” прынятая скарга, яна разглядаецца. І на сёньняшні дзень мы ведаем, што ўжо напісаны пратэст супраць рашэньня. Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў дзеяньне эканамічных санкцыяў адносна прадпрымальніка. Таму, калі запускаюць машыны, галадоўка спыняецца”.

Цяпер адбываецца сьледзтва па крымінальнай справе адносна кіраўніцтва транспартнай фірмы “Ніка-транс”, якая знаходзіцца ў адным будынку з офісам прадпрымальніка Аўтуховіча. За апошнія дні супрацоўнікі ўправы фінансавых расьсьледаваньняў з Горадні наведваліся туды некалькі разоў, бралі для праверкі дакумэнты, кнігі ўліку паказаньняў таксомэтраў.

Кіраўнік “Ніка-транс” Юры Лявонаў разам з Аўтуховічам зьвяртаюцца ў розныя ўстановы, каб давесьці, што не парушалі закону. Сёньня Юры Лявонаў наведаў старшыню Ваўкавыскага райвыканкаму Міхаіла Савельева.

Спадар Лявонаў гаворыць, што ягоныя адносіны да галадоўкі Аўтуховіча і кіроўцаў складаныя. З аднаго боку, ён супраць такога кроку, з другога, ён усьведамляе неабходнасьць, якая штурхнула іх на гэта . Юры Лявонаў зазначае, што калі вычарпае ўсе магчымасьці дасягнуць праўды законным шляхам, ён сам можа далучыцца да галадоўнікаў.

***

Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, выстаўлены штраф на 1 мільярд і 813 з паловай мільёнаў рублёў. Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў.





На здымках: Канстанцін Уланаў (ляжыць) служыў у Аўганістане ў адной дывізіі зь Мікалаем Аўтуховічам, а цяпер падтрымаў ягоную галадоўку; кіроўца Аляксандар Данкевіч галадае 18 дзён, ён ужо тры месяцы бяз працы. Фота Сяргея Астраўцова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG