Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўрад шукае амэрыканскіх інвэстараў на будаўніцтва новых спартовых арэнаў


Валер Каліноўскі, Менск Амбасада Беларусі ў ЗША зьвярнулася да патэнцыйных амэрыканскіх інвэстараў з прапановай паўдзельнічаць у будаўніцтве вялікіх спартовых комплексаў у Менску. Незалежныя спэцыялісты сумняюцца, што ў беларускіх уладаў атрымаецца пазычыць грошы ў Амэрыцы.

Беларускія ўлады вырашылі пабудаваць у Менску адразу два вялікія спартовыя комплексы: трэніровачны цэнтар для фрыстайлістаў і шматдысцыплінарны спартовы комплекс “Менск-Арэна”.

Паводле каштарысу праектаў, першы будзе каштаваць 20 мільёнаў даляраў, другі — 105 мільёнаў. Цэнтар фрыстайлу павінен стаць базай для нацыянальнай зборнай, але адначасова там зьбіраюцца пабудаваць спарткомплекс з басэйнамі, аквапаркам, фітнэс-цэнтрам, саўнамі і крамамі. Гэты комплекс будзе працаваць на камэрцыйнай аснове.

“Менск-Арэна” будзе ня менш разгалінаваная: унівэрсальная спартовая арэна на 13 тысяч гледачоў, канькабежны стадыён на 2 тысячы гледачоў, забаўляльны цэнтар. Такая арэна патрэбная для ажыцьцяўленьня мары кіраўніцтва хакейнай фэдэрацыі Беларусі — правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2010 годзе ў Менску, а таксама іншых спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню. Арганізатары будаўніцтва — Менскі гарвыканкам і Міністэрства спорту і турызму. Аднак грошай на гэтыя маштабныя праекты не хапае, і ўлады пачалі шукаць сродкі за мяжой. Амбасада Беларусі ў Вашынгтоне ўжо зьвярнулася да патэнцыйных амэрыканскіх інвэстараў. Беларускія ўлады пры гэтым разьлічваюць і на амэрыканскія пазыкі пад гарантыі ўраду.

Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір мяркуе, што прасіць замежныя пазыкі пад гарантыі ўраду нерацыянальна, паколькі пазьней усё роўна прыйдзецца разьлічвацца зь бюджэту.

(Чыгір: ) “У нашай краіне гэтыя праекты камэрцыйнымі ня могуць стаць. Аб’ект акупіцца? Не, ён не акупіцца. І пазьней прыйдзецца аддаваць за кошт даходаў бюджэту”.

Міхаіл Чыгір лічыць, што ў ЗША беларускія ўлады ня знойдуць пазыкаў на будаўніцтва новых спартовых аб’ектаў, бо хоць “Акт аб дэмакратыі” і не забараняе даваць крэдыты Беларусі прыватным амэрыканскім кампаніям, але тыя звычайна прыслухоўваюцца да рэкамэндацыяў ураду.

(Чыгір: ) “Злучаныя Штаты не дадуць прынцыпова, але знойдуцца іншыя краіны, якія дадуць, чэхі, напрыклад, ці арабы… Хай да мяне зьвернуцца, я ім дапамагу знайсьці, калі яны ня знойдуць. Пад гарантыі ўраду яны могуць атрымаць крэдыт”.

Тым ня меней, на думку Міхаіла Чыгіра, зварот беларускіх уладаў па пазыкі да ЗША сьведчыць, што пры ўсёй антыамэрыканскай рыторыцы беларускіх уладаў яны цьвяроза ацэньваюць вагу Злучаных Штатаў у сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG