Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь пазьбягае дыскатэкаў, баючыся чутак пра ВІЧ-інфікаваныя шпрыцы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Фобіі і падманлівыя зьвесткі (hoax), якія распаўсюджаныя ў Эўропе, закранулі і беларусаў. Менская моладзь, якая любіць бавіць час ў дыскатэках, напалоханая чуткамі: нібыта на дыскатэках праз наўмысныя ўколы шпрыцамі наведвальнікаў заражаюць СНІДам.

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Марыі мае сяброўку, якая падзялілася чуткай пра тое, што яе знаёмую заразілі СНІДам на дыскатэцы. Паводле Марыі, нібыта ўсё адбывалася наступным чынам:

(Маша: ) “Быццам яе кальнулі шпрыцам ў сьпіну, але яна была нападпітку і не асабліва зьвярнула ўвагу. А калі вярнулася з дыскатэкі дамоў, знайшла ў сумцы запіску: “Цяпер ты з намі”. А потым яе праверылі дактары і знайшлі, што ў яе вірус імунадэфіцыту”.

Адміністратар моднай менскай дыскатэкі Юры пагадзіўся пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі, але толькі на ўмовах ананімнасьці. Яму забаронена называць сваю дыскатэку, бо там баяцца, што наведвальнікаў будзе яшчэ меней. Месяц таму штодня на дыскатэку прыходзіла каля 500 чалавек, цяпер жа – толькі палова ад гэтай нормы. І ўсё гэта, праўдападобна, з-за чутак пра наўмысныя заражэньні СНІДам праз уколы, якія Юры лічыць абсалютнай няпраўдай. Але з гэтымі чуткамі яму даводзіцца лічыцца:

(Юры: ) “Так, гэта адбілася. Баяцца хадзіць. Пачалася сьнідафобія. Асабліва яна ўласьцівая падлеткам.”

Юры ведае становішча на большасьці з 20 менскіх дыскатэках і кажа, што там адбываецца тое ж самае. Паводле Юрыя на іх дыскатэцы апошнім часам ўзмацнілі кантроль за наведвальнікамі, але зьменьшыць боязь перад невядомымі распаўсюджвальнікамі СНІДу пакуль не ўдалося. Толькі, ці сапраўды яны існуюць?

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі запэўнілі, што ніхто не зьвяртаўся ў міліцыю са скаргамі на наўмыснае заражэньне СНІДам на дыскатэцы. У Рэспубліканскім цэнтры эпідэміялёгіі такіх выпадкаў таксама ня ведаюць і ўвогуле там лічаць, што ёсьць толькі тэарэтычная магчымасьць праз вопратку заразіць чалавека шпрыцам.

Адміністратар менскай дыскатэкі Юрый дадаў, што кожнага наведвальніка яны праводзяць праз рамку мэталашукальніка і таму пранесьці шпрыц на дыскатэку немагчыма. Аднак аматар дыскатэкаў студэнт Аляксандр адносна здольнасьцяў мэталашукльнікаў мае іншае меркаваньне.

(Аляксандр: ) “Мы, здараецца, ходзім зь сябрамі на дыскатэкі, але ніколі мэталушакальнікі не давалі сыгналу, калі нас правяралі. Хаця ў нашых кішэнях было ўсяго дастаткова, прыкладам, ключоў. І ахоўнікі нас ніколі не спынялі”.

Аляксандр верыць ў тое, што яму распавялі сябры пра заражэньне СНІДам на дыскатэках. А заявы міліцыі, што нібыта ніхто з пацярпелых са скаргамі не зьвяртаўся, для яго не аргумэнт.

(Аляксандр: ) “Наколькі мне вядома, пасьля таго, што здарылася, гэтая дзяўчына ў шоку і ёй не да таго, каб ісьці ў міліцыю ці невядома каму помсьціць.”

Незалежны юрыст Сяргей Балыкін, калі я зьвярнуўся да яго па камэнтар да гэтай сытуацыі, нагадаў пра 157 артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за наўмыснае заражэньне СНІДам. За такое злачынства можна атрымаць ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня. “Такім чынам заканадаўчая база для барацьбы з падобнымі злачынствамі дастатковая” – лічыць Сяргей Балыкін. Ён не выключае, што такія выпадкі маглі мець месца.

(Балыкін: ) “З савецкіх часоў праца нашай міліцыі вымяраецца праз статыстыку, таму, каб не псаваць гэтую статыстыку, пэўная частка злачынстваў магла замоўчваецца”.
XS
SM
MD
LG