Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзелася былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова?


Алег Груздьдзіловіч, Менск Былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову дагэтуль не накіравалі ў калёнію, куды яна мусіць патрапіць паводле рашэньня Вярхоўнага суду Беларусі.

Яшчэ 8 лютага была асуджаная на 4 гады зьняволеньня Галіна Жураўкова, былая кіраўніца справаў прэзыдэнта. Аднак пакуль гэты прысуд не выкананы.

“У нашай сыстэме Жураўковай няма, гэта дакладна”,– паведаміў 2 сакавіка начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў міністэрства ўнутраных спраў Уладзімер Коўчур.

Даставіць Галіну Жураўкову ў калёнію паводле закону мусілі супрацоўнікі канвойнай службы ўнутраных войск. Я зьвярнуўся ў прэсавую службу ўнутраных войск, але там размаўляць пра Жураўкову адмовіліся і накіравалі ў міністэрства ўнутраных справаў. У міністэрстве ж сытуацыя паўтарылася.

(Новікаў: ) “Нічога сказаць ня можам, бо, на жаль, не валодаем зьвесткамі. І ўвогуле, рыхтуемся да сьвята – дня міліцыі…” – сказаў Віктар Новікаў з прэсавай службы міністэрства. Паводле яго, пошукамі Жураўковай ў міліцыі не займаюцца.

Ці не настаў час абвяшчаць Галіну Жураўкову ў вышук? Калі я задаў гэтае пытаньне прэсаваму сакратару рэспубліканскай пракуратуры Юрыю Азаронку, ён адказаў:

(Азаронак: ) “Калі Радыё Свабода бачыць парушэньні закону ў дзеяньнях міліцыі адносна Жураўковай, хай напіша скаргу, мы яе разгледзім”.

На абвяшчэньне прысуду Галіна Жураўкова не зьявілася. У судзе было абвешчана, што, паводле мэдычнай даведкі, яна хварэе і ёй патрэбны “пасьцельны рэжым”. Пры гэтым назваць мэдычную ўстанову, якая выдала гэтую даведку, у судзе адмовіліся.

З 8 лютага ніякіх зьвестак пра Галіну Жураўкову няма. Яе адвакат Алег Дубавец кантактаў з журналістамі пазьбягае. Гарадзкая даведка хатняга тэлефону Жураўковай не дае.

Тым часам, як мы раней паведамлялі, прысуд адносна былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова ўжо ўступіў у дзеяньне. Для адбыцьця пакараньня Ягора Рыбакова накіравалі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму № 17, якая месьціцца ў Шклове. Ягор Рыбакоў асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня. Прысуд яму быў агалошаны 11 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG