Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Латвіі патрабуе, каб Расея прызнала акупацыю краінаў Балтыі


Ганна Соусь, Прага Прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрайбэрга спрабуе пераканаць Расею прызнаць факт акупацыі краінаў Балтыі. Яна – адзіная з прэзыдэнтаў краінаў Балтыі прыняла запрашэньне ўзяць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 60-й гадавіны перамогі Савецкага Саюзу над нацысцкай Нямеччынай у Маскве 9 траўня. Паралельна з гэтым яна прыкладае намаганьні дзеля таго, каб Захад прызнаў, што завяршэньне Другой Усясьветнай вайны прывяло да акупацыі краінаў Балтыі. У мінулы аўторак прэзыдэнтка Латвіі патлумачыла сваю пазыцыю прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу, яна таксама скарыстала для гэтага й сустрэчу з прэзыдэнтам Эўракамісіі Хасэ Мануэлям Барозам.

Тры балтыйскія кіраўнікі апынуліся ў складанай сытуацыі. Сусьветныя лідэры зьбяруцца сёлета 9 траўня ў Маскве, каб адзначыць перамогу ў вайне над нацысцкай Нямеччынай, у якой Савецкі Саюз быў адным з саюзьнікаў-пераможцаў. Аднак пасьля перамогі тэрыторыі Эстоніі, Латвіі і Літвы былі акупаваныя, што сталася таксама вынікам ранейшай сакрэтнай дамовы паміж СССР і Нямеччынай.

Рашэньне ехаць у Маскву ці не – асабліва цяжкі выбар для Эстоніі і Латвіі. Расея прапанавала ім падпісаць 10 траўня пагадненьні аб мяжы, якіх яны доўга дамагаліся.

Нягледзячы на тое, што Вайра Віке-Фрэйбэрга вырашыла паехаць у Маскву, яна таксама пераконвае заходніх лідэраў прызнаць гістарычную ролю Расеі як агрэсара. Гэта выклікае пэўны спалох у Маскве, якая цьвердзіць, што балтыйскія дзяржавы далучыліся да Савецкага Саюзу добраахвотна.

У мінулую сераду Вайра Віке-Фрэйбэрга распавяла, што брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр напісаў ёй, што падтрымлівае латыскую пазыцыю.

(Віке-Фрэйбэрга: ) “Я мяркую, што брытанская пазыцыя выказаная ў сьціслай форме гэткім жа чынам, як і Латвія глядзіць на гэтыя рэчы. Ёсьць неабходнасьць зразумець і прыняць, што пры канцы Другой Усясьветнай вайны вельмі па-рознаму склаўся лёс у розных частак Эўропы. Гэта вельмі дакладна заяўлена ў лісьце прэм’ер-міністра Тоні Блэра, і я думаю, што, калі б іншыя эўрапейскія лідэры зрабілі бы на гэты конт адпаведныя заявы, гэта было бы вельмі карысна для нашага бачаньня будучыні, дзе мы ня будзем зьвязаныя ланцугамі мітаў мінулага”.

Віке-Фрэйбэрга гаварыла таксама са старшынём Эўракамісіі Хасэ Мануэлям Барозам, які выказаў разуменьне пазыцыі Латвіі і падтрымаў яе рашэньне паехаць у Маскву. Бароза адзначыў, што Эўразьвяз ня можа ўказваць Латвіі, што рабіць у гэтай сытуацыі, але пагадненьні аб мяжы паміж Расеяй і Латвіяй і Эстоніяй павінны быць падпісаныя як мага хутчэй.

Латыская прэзыдэнтка лічыць галоўным посьпехам тое, што прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падчас візыту ў Брусэль публічна падтрымаў балтыйскія краіны і сказаў, што ў часе сустрэчы параіць расейскаму прэзыдэнту “паважаць суседзяў”.

Латыская прэзыдэнтка заявіла ва аўторак на саміце НАТО ў Брусэлі, што злачынствы Сталіна павінны быць асуджаныя гэткім жа чынам, як і злачынствы Гітлера.

Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус усё яшчэ не вырашыў, ці паедзе ён у Маску, але, як паведамляецца, ён скептычна ставіцца да такога рашэньня. Эстонія пакуль займае стрыманую пазыцыю у гэтым пытаньні. Рашэньне аб ўдзеле ва ўрачыстасьцях эстонскі лідэр пакуль не прыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG