Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісар Эўразьвязу ў інтэрвію “Frankfurter Allgemeine”: Не хачу, каб Украіна стала другой Беларусьсю


Ул. інф. Новы камісар Эўразьвязу Бэніта Фэрэра-Вальднэр, якая ў Эўракамісіі адказвае за замежныя дачыненьні і палітыку новага суседзтва заявіла сёньня ў інтэрвію нямецкай Frankfurter Allgemeine, што не хацела б, каб Украіна стала другой Беларусьсю. Паводле спадарыні Фэрара-Вальднэр, на працягу сьнежня пытаньні дачыненьняў аб’яднанай Эўропы зь яе новымі суседзямі – колішнімі рэспублікамі СССР – будуць дэталёва абмяркоўвацца ў часе паседжаньняў камісіяў і Рады Эўрапейскага Зьвязу.

Колішняя міністарка замежных справаў Аўстрыі, а ад ўчора кіраўнічка камісіі Эўразьвязу па пытаньнях замежных дачыненьняў і палітыкі новага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што яна і яе калегі па Эўракамісіі маюць намер надаць значна болей увагі такім краінам як Украіна, Беларусь, Малдова, Грузія, Армэнія, Азэрбайджан.

Спадарыня Фэрэра-Вальднэр лічыць слушнымі заявы тых палітыкаў і экспэртаў, якія крытыкуюць Брусэль за недастатковую ўвагу да гэтых постсавецкіх краінаў.

Паводле камісара Эўразьвязу, сёньня Украіна і Беларусь знаходзяцца ў цэнтры ўвагі эўрапейцаў. Гэтыя краіны патрабуюць не агульных, а індывідуальных падыходаў з боку Брусэля. Размова ідзе як пра выпрацоўку партнэрскіх праграмаў, так і плянаў акцый. Належным чынам гэта будзе абмяркоўвацца ўжо ў сьнежні – у часе паседжаньняў адмысловых камісіяў, так і Рады Эўразьвязу.

Калі ўзяць тую ж Украіну, то для Эўразьвязу галоўнае, каб вынікі выбараў адпавядалі волі народу. Пры гэтым сытуацыя ў гэтае краіне ніяк ня мусіць дэстабілізавацца, – кажа Фэрэра-Вальднэр.

Паводле яе словаў, ставіць нейкія ўмовы тут пакуль што зарана “Палітыка новага суседства Эўразьвязу ня ёсьць сродкам ціску ці пагрозы. Гэта палітыка прапановаў. Калі нейкая нашая прапанова адхіляецца з тае нагоды, што яна прынцыпова непрымальная, нам трэба толькі чакаць. Канечне, гэта шкада. Я б вельмі не хацела – я апэлюю да Украіны –каб зь яе ня стала другой Беларусі”, заявіла ў інтэрвію нямецкай “Frankfurter Allgemeine” камісар Эўразьвязу па пытаньнях палітыкі новага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG