Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашая апазыцыя разьяднаная, і ня тое што сабраць людзей – яны і самі пакуль што сабрацца ня ў стане”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 29 лістапада 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добры вечар, Свабода! Я з захапленьнем назіраю тое, што робіцца ў Кіеве, як там усё арганізавана ўкраінскімі сіламі, якія стаяць супраць дыктатуры. І я толькі адно жадаю сказаць. Калі Севярынец зь Кіева гаворыць, што ў нас будзе тое самае, то я, канечне, спадзяюся на гэта і я ў гэтым упэўнены. Але той аптымізм, які ў словах Паўла, ён усё ж такі, мне здаецца, трошкі юнацкі. Бо на сёньняшні час нашая апазыцыя, да якой належыць спадар Севярынец, нічога не зрабіла, каб хоць трошачкі аб’яднацца. А на самой справе нашая апазыцыя разьяднаная і да гэтай пары цярпела толькі выключна адны паразы з-за сваёй разьяднанасьці. І ня тое што сабраць людзей – яны і самі пакуль што сабрацца ня ў стане. Вось калі яны зразумеюць нарэшце ўсе гэтыя прыклады – Югаславіі, Грузіі, Украіны – тады ў нас нешта адбудзецца, бо тады народ за імі пойдзе. А так, пакуль што – не! Дзякуй”.

(Банкевіч: ) “Сёньня з раніцы пачуў выказваньне спадарыні Гразновай аб нацыянальным лідэры. Пытаньне актуальнае. Але чаму яно ставіцца наперад пытаньня аб зьмене выбарчага закону? Ці яшчэ не зразумела так званай апазыцыі, што не зьмяніўшы гэты выбарчы закон, ніякі іншы лідэр, акрамя Лукашэнкі, ня пройдзе?

А наконт нацыянальнага лідэра – то яго не выбіраюць. Ён сам сваімі дзеяньнямі даказвае, што ён – лідэр. Гэтак зрабіў Лех Валэнса. Гэтак робіць Зянон Пазьняк. А што цяпер робяць вылучаныя апазыцыяй лідэры Ганчарык і Домаш?”

(Спадар: ) “Добры дзень! Уважліва сачу за падзеямі ва Ўкраіне. І лішні раз становіцца горка за лідэраў нашай беларускай апазыцыі. У Грузіі Саакашвілі, ва Ўкраіне Юшчанка знаходзяцца наперадзе масаў людзей, вядуць народ на барацьбу. А нашыя лідэры апазыцыі… За іх проста сорамна! Калі людзі пратэставалі супраць рэфэрэндуму, замест таго, каб узначаліць людзей, Лябедзька хаваўся ў падсобным памяшканьні рэстарацыі. Сорамна! Ці гэта лідэры? Ганьба такім лідэрам! І зь імі нам нічога не дамагчыся! Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Слухаеш вашую перадачу наконт работы рынка і дзіву даесься глупству людзей. Усе чамусьці лічаць, што за ўсё, што адбываецца ў дзяржаве, адказны прэзыдэнт. Дзе вы бачылі такое? У якой яшчэ дзяржаве прэзыдэнт нясе адказнасьць за ўсё? Ёсьць дэпутаты, ёсьць мясцовыя начальнікі – усе абавязаны працаваць! Дый людзі таксама абавязаны працаваць! Паспрабуйце гэтага рыначніка-спэкулянта загнаць на якую-небудзь дзяржаўную працу. Ніколі ня пойдзе! Ён будзе гандляваць рознымі прадуктамі, “тряпками” на рынку, прычым гэтыя тавары, якія прывозяць з-за мяжы, вельмі дрэнна сшытыя. Я купляла там рэчы, памераеш – ой, як добра ўсё ляжыць. А прыедзеш дадому – жах! Нясеш назад, а яны ж браць ня хочуць, бо ім трэба збыць вось гэты непаўнавартасны тавар. Асабіста я баюся купляць тавар на рынку, усё купляю ў крамах, зрэдку калі на рынку набываю прадукты”.
XS
SM
MD
LG