Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine”: тысячы нямецкіх сем’яў у шоку ад заяваў Лукашэнкі


Ул. інф. Тысячы нямецкіх сем’яў у шоку. Яны ня могуць зразумець, чаму добрая традыцыя, якая існавала 15 гадоў і нічога не каштавала беларускай дзяржаве, павінна быць раптам спыненая, – піша нямецкая “Frankfurter Allgemeine”.

Штогод на запрашэньне 600 нямецкіх дабрачынных арганізацыяў у Нямеччыне адпачывала каля 25 тысячаў беларускіх дзяцей. Такая традыцыя існавала на працягу 15 гадоў. Сёньня яе будучыня выглядае няпэўнай.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, у многіх нямецкіх дамох зь лета на сьценках і дзьвярoх вісяць малюнкі беларускіх дзяцей з кароткімі подпісамі па-нямецку: “Дзякуй за прыём, мы вас любім і ніколі не забудзем”.

У невялікім мястэчку Фрыдрыхсдорф на Таўнусе, дзе дзейнічае дабрачынная арганізацыя “Дапамога дзецям Чарнобылю”, у многіх дамох ледзь стрымліваюць сьлёзы. Сем’і паказваюць шматлікія фота сваіх маленькіх беларускіх гасьцей. Фатаграфіі зробленыя ўсяго некалькі месяцаў таму: у дзяцей вясёлыя й шчасьлівыя твары. “Мы разьвітваліся з нашымі дзецьмі ўсяго толькі на год, і мы хочам бачыць іх зноў”, – кажуць немцы.

Камэнтуючы словы Лукашэнкі пра шкодны уплыў Захаду на маленькіх беларусаў, актывістка дабрачыннай арганізацыі “Дапамога дзецям Чарнобылю” Моніка Шульцэ кажа: “Гэтыя словы Лукашэнкі былі для нас як выбух бомбы”. Хаця, паводле сяброў арганізацыі, заява беларускага кіраўніка была павучальнай для нямецкіх дзяцей. Яны нарэшце зразумелі, што ёсьць супрацьлегласьць свабодзе.

“Лукашэнка шмат чаго кажа, – працягвае Моніка Шульцэ, – аднак мы будзем рабіць сваю справу далей”. Муж спадарыні Шульцэ гэтымі днямі накіраваўся з тысячамі калядных пакетаў на Гомельшчыну.

Як піша нямецкае выданьне, чарнобыльская катастрофа ў свой час абудзіла грамадзянскую актыўнасьць беларусаў і паклала пачатак стварэньню ў краіне шматлікіх ініцыятываў для самадапамогі. На пачатку 1990-х іх было болей за 200. Такі дэмакратычны працэс, безумоўна, не падабаецца Лукашэнку. Ня можа падабацца й тое, што тысячы дзяцей бачаць на ўласныя вочы іншае жыцьцё, а потым дома задаюць пытаньне: “Чаму ў Нямеччыне так, а ў нас зусім інакш?” Вядома, гэта зусім не патрэбна дыктатару. Ён бачыць небясьпеку для свайго рэжыму з боку Захаду і хоча зьнішчыць парасткі дэмакратыі пад корань, піша “Frankfurter Allgemeine”.
XS
SM
MD
LG