Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэйм Польшчы адзінагалосна ўхваліў зварот да Вярхоўнай Рады Ўкраіны з заклікам разабрацца з фальсыфікацыямі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Адразу два прэзыдэнты Польшчы – былы і цяперашні – абодва атрымалі запрашэньне прыехаць ва Ўкраіну каб выступіць ў ролі пасярэднікаў у перамовах паміж апазыцыяй і ўладай. Лех Валэнса ўжо прыляцеў у Кіеў, а ўвогуле Варшава ўсё больш актыўна ўдзельнічае ў падзеях ва Ўкраіне.

Былы польскі прэзыдэнт Лех Валэнса, якога запрасіў у Кіеў кандыдат ад апазыцыі Віктар Юшчанка, перад вылетам з Кракава заявіў, што скажа ўкраінцам, што цалкам падтрымлівае іх барацьбу за дэмакратычныя зьмены ва Ўкраіне, аднак ня будзе выказвацца на карысьць ніводнага з кандыдатаў.

(Валэнса: ) “Я хачу, каб ва Ўкраіне не паўтарыўся польскі варыянт 20-гадовай даўніны з ваенным становішчам. Нельга дапусьціць, каб быў забіты дух і воля абуджанага украінскага народу. Я паспрабую зрабіць, каб украінцы не паўтарылі нашых колішніх памылак”.

Між тым цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі заявіў, што атрымаў запрашэньне прыехаць ва Ўкраіну і ад Віктара Юшчанкі, і ад Леаніда Кучмы, аднак тэрмін візыту пакуль ня вызначаны.

(Квасьнеўскі: ) “Я выказаў гатоўнасьць візыту, але тэрмін мусіць быць вызначаны такім чынам, каб візыт меў сэнс. Мая задача ня ў тым, каб прамаўляць у часе мітынгаў, а ў тым, каб дапамагчы знайсьці кампраміс, прыймальны і для апазыцыі, і для ўлады”.

Польскі прэзыдэнт адзначыў, што чакае мандату галоўных эўрапейскіх арганізацыяў. Ідэю пасярэдніцтва Варшавы ва ўкраінскім канфлікце ўжо падтрымаў Вашынгтон.

Між тым Сэйм Польшчы адзінагалосна ўхваліў сёньня зварот да Вярхоўнай Рады Ўкраіны з заклікам да дэпутатаў абараніць правы ўкраінцаў ды разабрацца з выпадкамі фальсыфікацыяў вынікаў выбараў.

(Бароўскі: ) “Украіна спадзяецца на Польшчу, на сваіх сяброў. Нават пачатак нашых гімнаў аднолькавы: “Jeszcze Polska nie zgineła...” “Шчэ нэ вмэрла Украіна”!”

Ва ўсёй Польшчы не спыняюцца масавыя акцыі ў падтрымку дэмакратыі ва Ўкраіне, а, прыкладам, інтэрнэт-партал “Gazety Wyborczеj” зьмяніў сёньня свой колер на аранжавы на знак салідарнасьці з украінскай апазыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG