Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка сьцьвярджае, што кіраўнікам “Белай Русі” было пералічана на адмысловы рахунак больш як 3 мільёны даляраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск На працэсе над Галінай Жураўковай абвешчаны перапынак да 26 лістапада. А напярэдадні ў судзе былі агучаныя паказаньні, якія прадстаўнік пракуратуры лічыць вельмі істотнымі.

На працэсе над былой кіраўніцай справаў прэзыдэнта Галінай Жураўковай прагучалі паказаньні, якія прадстаўнік абвінавачаньня лічыць вельмі істотнымі для доказу віны спадарыні Жураўковай і яе суўдзельнікаў. Гэта паказаньні сьведкі Паўла Мурашкі. Павал Мурашка — малодшы брат былога намесьніка дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Белая Русь” Аляксандра Мурашкі, які прыцягнуты да суду разам з Галінай Жураўковай паводле абвінавачаньня ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці.

23 лістапада Павал Мурашка ў суд не зьявіўся — лічыцца, што ён уцёк. Напярэдадні больш за тыдзень суд чакаў, ці ня знойдзецца гэты сьведка, і вось сёньня вырашана было агучыць ягоныя паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва. У прыватнасьці, Павал Мурашка сьведчыў, што, выконваючы даручэньне брата, езьдзіў у Латвію, дзе быў адкрыты адмысловы рахунак. На гэты рахунак у 2002–2003 годзе было пералічана больш за 3 мільёны даляраў. Гэтыя грошы Павал Мурашка паступова пераводзіў на асабістыя рахункі Юрыя Матусевіча і ягонай жонкі. Юры Матусевіч ў час кіраваньня Галіны Жураўковай узначальваў управу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Сьледзтва лічыць, што менавіта праз Матусевіча далей разьмяркоўваліся незаконна заробленыя 3 мільёны даляраў, палова зь якіх нібыта дасталася Галіне Жураўковай.

Паказаньні малодшага Мурашкі, як лічыць пракурор, здольныя канчаткова расставіць кропкі над “і” ў гэтай справе. Між тым, Галіна Жураўкова сябе дагэтуль вінаватай не прызнае.

Працягваецца ў Вярхоўным судзе і працэс над былым старшынём Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым. Раней працэс на некалькі дзён перапыняўся, але цяпер перапынкаў няма — штодня паседжаньні ідуць з ранку да вечара. Вось што змог распавесьці пра гэты працэс прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Валянцін Барысевіч:

(Барысевіч: ) “Ніякіх зьвестак няма. Я спытаў у судзьдзі, як ідуць справы, ён адказаў “Ай!” ды махнуў рукой. Відаць, шмат працы”.

Працэс над Ягорам Рыбаковым адбываецца за зачыненымі дзьвярыма. Паводле першапачатковых зьвестак, былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі абвінавачваўся ў хабарніцтве, злоўжываньні службовым становішчам і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці. Аднак пазьней, сьцьвярджаюць некаторыя крыніцы, частку з гэтых прэтэнзіяў адхілілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG