Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У судзе Паўлу Шарамету сказалі, што ён можа лічыць сябе вольным... пакуль


Валер Каліноўскі, Менск Суд над журналістам Першага каналу расейскага тэлебачаньня Паўлам Шараметам быў адкладзены на няпэўны тэрмін, паколькі з Савецкага райаддзелу міліцыі не прывезьлі дакумэнтаў наконт ягонага правапарушэньня. Паўла Шарамета абвінавачваюць у хуліганскіх дзеяньнях і зьбіцьці двух менскіх рабочых. Пасьля таго інцыдэнту Павал Шарамет быў шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай.

Павал Шарамет прыехаў у суд Савецкага раёну Менску з пакункам цёплых рэчаў, рыхтуючыся да магчымага арышту. Дзясяткі ягоных калегаў, апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў прыйшлі яго падтрымаць. Зайшоўшы ў кабінэт судзьдзі Руслана Казадаева, вядомага сваімі жорсткімі прысудамі супраць дэманстрантаў, Павел пазнаў у ім свайго знаёмага па студэнцкіх гадах, зь якім даводзілася ўдзельнічаць у самадзейным тэатры.

(Шарамет: ) “Я толькі спытаў у яго: Руслан, як так? Я вырашыў не пераконваць яго, ён кажа, што, можа, дыктафоны тут… Ну я й маралі не чытаў ды і адмовіўся ад размовы… Во жыцьцё!”

Пасьля наведваньня кабінэту старшыні раённага суду Ўладзімера Чвалы высьветлілася, што суду пакуль ня будзе.

(Шарамет: ) “Няма суду, сказалі: “Вы вольны”. І новай даты не прызначылі. Адзінае, што, можа, зараз вось ад’едзем — ДАІ спыніць і гвалтам зноў у суд даставіць”.

Адвакат Паўла Шарамета Вера Страмкоўская паведаміла, што ягоная справа не закрытая, цягам двух месяцаў яна можа быць разгледжаная. Але дакумэнты аформленыя ня ў поўнай адпаведнасьці з законам, зазначыла спадарыня Страмкоўская. У міліцэйскім пратаколе няма пазнакі, зробленай Шараметам, наконт таго, што ён ня згодны са зьместам пратаколу, а тлумачэньні людзей, якія нібыта пацярпелі ад ягоных хуліганскіх дзеяньняў, напісаныя быццам пад кальку, паведаміла спадарыня Страмкоўская. І сутнасьць справы ў пратаколе выкладзеная недакладна:

(Страмкоўская: ) “Канечне, недакладна, таму што як мне Павал расказваў, адбылося зусім іншае. І таму мы зьвярнуліся да пракурора Савецкага раёну з тым, каб была высьветленая справа, каб былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці тыя, хто вінаваты ў тым, што адбылося насамрэч. У пратаколе ж Шарамета зрабілі правапарушальнікам, які нібыта нешта зрабіў на шкоду гэтым рабочым”.

Павал Шарамет публічна выказаў захапленьне мужнасьцю маладых людзей, якія ў панядзелак і аўторак выказвалі сваю нязгоду з вынікамі рэфэрэндуму, і пашкадаваў, што ня змог быць разам зь імі. Да кіраўнікоў шпіталю №9, якія распаўсюдзілі праз БТ інфармацыю аб стане ягонага здароўя, Павал прэтэнзіяў ня мае, паколькі ведае, што на іх чыніўся жорсткі ціск.
XS
SM
MD
LG