Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Шарамета зьбілі невядомыя, а потым міліцыя яго самога абвінаваціла ў хуліганстве і адвезла на Акрэсьціна, пасьля - у шпіталь


Любоў Лунёва, Менск Паўла Шарамета зьбілі невядомыя людзі ў цывільным. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі хуліганаў. Павал Шарамет напісаў заяву на імя кіраўніка міліцыі, каб іх прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

Інцыдэнт адбыўся, калі Павал Шарамет і Сьвятлана Калінкіна выйшлі з пад’езду дому, які месьціцца ў двары Савецкага райвыканкаму. Сьвятлана Калінкіна знаходзіцца ў аддзеле міліцыі Савецкага РУУС разам з Паўлам Шараметам. Вось, што яна распавяла Радыё Свабода:

(Калінкіна:) “Два маладыя чалавекі падышлі і пачалі зьбіваць Паўла Шарамета. Безь ніякіх прычынаў. Бязь ніякай матывацыі. Нічога не тлумачылі. Проста – "чаго ты сюды прыехаў, чаго прыстаеш да нашых дзевак". Там было вельмі шмат міліцыі. Яны выскачылі і затрымалі гэтых маладзёнаў. Цяпер, праўда, не называюць іх прозьвішчы. Ён зараз піша заяву ў Савецкім РУУС”.

Цяпер судмэдэкспэрты мусяць даць заключэньне наконт характару цялесных пашкоджаньняў. Ад гэтага залежыць які артыкул крымінальнага кодэксу ужывуць сьледчыя супраць хуліганаў.

***

Паводле апошніх дадзеных, сытуацыя з хуліганамі кардынальна зьмянілася. Намесьнік кіраўніка Савецкага ўпраўленьня ўнутраных справаў паведаміў журналістам, што Паўла Шарамета адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна. Цяпер ужо яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве.

Паўла Шарамета будуць трымаць у спэцпрыёмніку да раніцы, а потым адвязуць у суд.

***

Паводле самых апошніх дадзеных на вечар нядзелі Павал Шарамет быў дастаўлены ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай.
XS
SM
MD
LG