Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Аляксандар Ярашук: за час прэзыдэнцтва Лукашэнкі кожная сям’я згубіла чыстых заробкаў у памеры амаль 32 тысячы даляраў


Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўнік Фонду садзейнічаньня ўдасканаленьню грамадзкіх адносінаў “Экон” Аляксандар Ярашук цьвердзіць, што за апошнія 10 гадоў беларускі працаўнік меў вялікія страты ў заробках. Фактычна, кожны згубіў як мінімум добрую кватэру. Паводле афіцыйнай статыстыкі, уладам удалося выплаціць цяперашнія невялікія заробкі практычна без запазычанасьцяў – але ці можна жыць на гэтыя грошы?

На Берасьцейскай фабрыцы сувэніраў, якая падпарадкавана ўпраўленьню справамі прэзыдэнта, людзі змагаліся за тое, каб ім выплацілі даплаты за выслугу гадоў, сумяшчэньне пасадаў, за складанасьць і напружанасьць працы. Сярэдні заробак на фабрыцы 165 тысяч рублёў, а даплаты складалі траціну альбо нават палову. Пакуль заплацілі толькі за ліпень, а вось за жнівень і верасень грошай не далі – усё гэта пасьля скаргі, якую работнікі напісалі ўпраўляючаму справамі прэзыдэнта Генадзю Лаўрэнкову і прыгразілі, што будуць байкатаваць выбары й рэфэрэндум.

Дырэктар фабрыкі Аляксандр Бужак рэагуе спакойна

(Бужак: ) “А я не ведаю вытворчасьці, дзе нармальная сытуацыя. Я лічу, што гэта такія цякучыя пытаньні. Цікавасьць проста выклікана тым, што рабочыя крыху эканоміку пераблыталі з палітыкай”.

Работніцаў фабрыкі пакуль супакоілі абяцаньнямі.

(Надзея: ) “Ой, паабяцалі, што вернуць, але не ведаю”.

(Тацяна: ) “Ня так даўно Аляксандар Рыгоравіч заявіў, што сярэдні заробак 170 даляраў, а ў нас на прадпрыемстве гэта далёка ня так”.

(Работніца: ) “Як можна пражыць за 30-50 тысяч у месяц? Быццам бы сказалі, што вернуць гэтыя даплаты. Але баімся, што рэфэрэндум пройдзе і наогул іх могуць не вярнуць, вось што”.

Працаўніцы фабрыкі кажуць, што жыць на свае заробкі немагчыма.

(Тацяна: ) “Калі за кватэру прыходзяць такія шалёныя сумы, ёсьць няпоўныя сем’і, маленькія дзеці, у кагосьці дзеці ў выпускным клясе, проста няма магчымасьці за ўсё гэта плаціць”.

Старшыня праўленьня фонда “Экон” Аляксандар Ярашук цьвердзіць, што, паводле разьлікаў экспэртаў, за апошнія 10 гадоў тыя ж работніцы Берасьцейскай фабрыкі сувэніраў маглі зарабіць на добрую кватэру.

(Ярашук: ) “Прадмет для параўнаньня – становішча ў той жа самай Польшчы. Сёньня там заробкі пад 600 даляраў. Калі б мы пайшлі па польскім шляху, дык, калі пералічыць штомесяц тое, што мы маглі б мець і што мы маем, то мы прыйдзем да высновы, што кожная сям’я за гэты час згубіла дзесьці чыстых заробкаў у памеры амаль 32 тысячы даляраў. Цэны ў нас, дарэчы, на нерухомасьць, на кватэры імкліва растуць, але, тым ня менш, за 32 тысячы даляраў сям’я магла б сабе спакойна двухпакаёўку прыдбаць”.

Паводле Аляксандра Ярашука, сытуацыя з выплатай заробкаў у Беларусі больш-менш стабільная, бо пакуль ёсьць вялікі попыт з боку Расеі на беларускія тавары й паслугі. Гэта зьвязана з цэнамі на нафту, якія пабілі ўсе рэкорды. Але гэта можа доўжыцца год, максымум паўтара – пачнуць падаць цэны, і гэта адразу адаб’ецца на каньюнктуры тавараў на расейскіх рынках, і ўрэшце – на стабільнасьці заробкаў беларусаў.
XS
SM
MD
LG