Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вальжына Морт атрымала прэмію на Міжнародным літаратурным фэстывалі ў Славеніі


RFE/RL Беларуская паэтка Вальжына Морт атрымала прэмію на Міжнародным літаратурным фэстывалі “Віленіца-2004”, які праходзіць у Славеніі ўжо 19 год запар.

На форуме, які праходзіў з 6 па 12 верасьня, былі прадстаўленыя ўсяго 150 удзельнікаў з 29 краінаў. Фэстываль уключаў перакладчыцкую майстэрню і паэтычныя чытаньні.

Кожны год прысуджаюцца дзьве прэміі. Адна ідзе да прызнанага эўрапейскага аўтара, і прызначаецца Саюзам славенскіх пісьменьнікаў. Другая ўзнагарода называецца Крышталь Віленіцы, і ўручаецца маладым паэтам.

Віленіца – гэта пячора, якая знаходзіцца непадалёк ад месца правядзеньня фэстывалю. Вось жа, беларускай паэтцы Вальжыне Морт ўручылі вялікі камень з гэтай пячоры.

Гэты камень зараз знаходзіцца ў цягніку, у якім Вальжына Морт вяртаецца са Славеніі ў Беларусь. Рыхтык у гэты момант зь ёй пагутарыў Сяргей Шупа, які зьвязаўся з Вальжынай Морт па мабільным тэлефоне:

(Шупа: ) “Ці спадзяваліся вы на такую прэмію?”

(Вальжына Морт: ) “Па праўдзе сказаць, такіх спадзяваньняў у мяне не было. Нават атрымалася кур''ёзная сытуацыя, калі падчас прызначэньня гэтай прэміі нашая беларуская дэлегацыя пайшла разглядаць краявіды і рабіць прыгожыя фотаздымкі. Мы там фатаграфаваліся, і раптам я пачула сваё імя, якое выкрыкнула сакратарка гэтага фэстывалю. Яна насілася па гэтых гарах, па Альпах, і шукала мяне. А там ужо гралі фанфары, і мяне чакалі на сцэне”.

(Шупа: ) “Ці пасьпелі Вы да сцэны дабегчы?”

(Вальжына Морт: ) “Так. Пасьпела, пад гучныя аплядысмэнты”.

(Шупа: ) “Якія былі першыя ўражаньні, першыя пачуцьці?”

(Вальжына Морт: ) “Гэта нейкая вялікая абвала – фотакамэры, увага ўсіх прысутных, што пра ніякія пачуцьці казаць не выпадае. Таму што думаць і адчуваць было проста не магчыма”.

(Шупа: ) “Ці раней беларусы ўдзельнічалі ў гэтым фэстывалі?”

(Вальжына Морт: ) “Так. Беларусы бралі ўдзел у гэтым фэстывалі. Праўда, не заўсёды ў іх атрымлівалася прыяжджаць. Але гэта першы раз, калі беларусаў адзначылі прэміяй. Я б, канечне, хацела выказаць падзяку ў першую чаргу каардынатару зь беларускага боку Інэсе Кур''ян, нашаму знакамітаму спэцыялісту ў славяністыцы й перакладчыцы славянскай літаратуры, якая ўжо 10 гадоў запар там прэзэнтуе Беларусь, выбірае беларусаў, каб яны там прадстаўлялі нашую краіну. Па-другое, мне вельмі хацелася б падзякаваць Таркару, майму славенскаму перакладчыку, які, мабыць, зрабіў самы лепшы пераклад маёй паэзіі сярод усіх перакладаў маіх вершаў на іншыя мовы сьвету”.

(Шупа: ) “На якія мовы перакладзена вашая паэзія?”

(Вальжына Морт: ) “На баўгарскую, украінскую, польскую, літоўскую, латыскую, нямецкую і ангельскую”.
XS
SM
MD
LG