Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі апазыцыі Барысава абвінавачваюць улады ў выкарыстаньні адміністратыўнага рэсурсу


Валер Каліноўскі, Менск У часе перадвыбарчай кампаніі ў Барысаве склалася канфліктная сытуацыя. Апазыцыйныя дзеячы абвінавачваюць мясцовыя ўлады ў ціску на выбарцаў і выбарчыя камісіі, выкарыстаньні адміністратыўнага рэсурсу ды датэрміновай агітацыі за кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка. Старшыня гарвыканкама абвяргае гэтыя абвінавачваньні.

За дзеяньнямі ўладаў Барысава найбольш пільна сочыць адзін з патэнцыйных кандыдатаў ад АГП Віктар Гарбачоў. Ён кажа, што кіраўніцтва горада правяло некалькі нарадаў па арганізацыі выбараў, на якіх пастаўленая задача дасягнуць патрэбнага ўладам выніку ўжо ў першым туры галасаваньня. На адной з іх прысутнічаў намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі, які і даваў рэкамэндацыі як правесьці выбарчую кампанію ды не выключаў адначасовага правядзеньня рэфэрэндуму. Гаворыць Віктар Гарбачоў з Барысава:

(Гарбачоў: ) “Праходзіла сакрэтная нарада, і на заводах адміністрацыі пачынаюць шукаць магчымасьці, як зрабіць так, каб выбары прайшлі датэрмінова ад 30 да 50 адсоткаў на прадпрыемствах, інтэрнатах, вучылішчах. Такая задача пастаўленая, асабліва ідзе такая падрыхтоўка ў вайсковых частках”.

Віктар Гарбачоў пры гэтым спасылаецца на сябраў сваёй каманды, якія былі пад час адной з такіх нарадаў з удзелам старшыні гарвыканкама Васіля Бургуна. Акрамя таго, спадар Гарбачоў крыўдзіцца на тое, што ягоны патэнцыйны супернік, старшыня ФПБ Леанід Козік, пачаў заўчасную агітацыйную кампанію. Спадар Гарбачоў кажа, што рыхтуе на гэты конт скаргу ў ЦВК і акруговую камісію і перадасьць туды відэакасэты з запісамі выступаў Леаніда Козіка. Гэтую інфармацыю пацьвярджае і іншы барысаўскі актывіст Леў Марголін:

(Марголін: ) “А зараз тут у нас некалькі дзён быў Леанід Козік. Ён у нас балятуецца па 78 выбарчай акрузе. Дык ён праводзіў прэсавую канфэрэнцыю, выступаў па мясцовым тэлебачаньні, па прадпрыемствах езьдзіў, расказваў пра тое, які ён добры, якія ў яго пляны вялікія, што ён тут зробіць, калі стане дэпутатам. Такім чынам, заўчасная агітацыя поўным ходам ідзе”.

Але старшыня барысаўскага гарвыканкама Васіль Бургун кажа, што нічога незаконнага падчас выбарчай кампаніі ў ягоным горадзе не адбываецца.

(Бургун: ) “Няпраўда – хлусяць, як сівыя мерыны, гэта было паседжаньне гарвыканкама з парадкам дня “Стан ідэалягічнай працы ў горадзе Барысаве”, хай патэнцыйныя кандыдаты не выдумляюць і не называюць гэта сходкай, схадняком ці як іначай”.

Васіль Бургун кажа, што яму зразумелыя інтарэсы ягоных крытыкаў. Размовы пра тое, каб было нейкае заданьне правесьці выбары ў адзін тур пры 30-50 адсоткавай датэрміновай яўцы выбаршчыкаў, не было. Старшыня Барысаўскага гарвыканкама таксама сьцьвярджае, што ніякіх перавагаў Леанід Козік як патэнцыйны кандыдат у дэпутаты ня мае і агітацыі пакуль не вядзе.
XS
SM
MD
LG