Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Financial Times Deutschland”: Апошняя дыктатура на шляху да галоўнага швачнага цэху Эўропы


Ул. інф. У Дзяржынску, на радзіме заснавальніка ЧК, шыюць спэцвопратку для нямецкай крымінальнай паліцыі. Як піша газэта “Financial Times Deutschlаnd”, апошняя дыктатура Эўропы мае ўсе шанцы стаць галоўнай швачнай вытворчасьцю кантынэнту. Свае тэкстыльныя вырабы Беларусь накіроўвае ва ўсе галоўныя эўрапейскія гандлёвыя фірмы.

Як піша “Financial Times Deutschlаnd”, на працягу многіх гадоў Беларусь рухаецца ў бок палітычнай самаізаляцыі. Рада Эўропы і АБСЭ ўсё больш нагадваюць Менску пра парушэньні правоў чалавека і недахоп дэмакратычных свабодаў. Зь іншага боку, беларуская эканоміка, галоўным чынам тэкстыльная прамысловасьць, усё больш інтэгруецца ў глябальныя вытворчыя працэсы. Такім чынам Беларусь пасьпяхова разьвіваецца ў кірунку галоўнага швачнага цэху Эўропы. Беларуская тэкстыльная галіна цяпер забясьпечвае 130 тысяч працоўных месцаў, аднак з кожным месяцам гэтых месцаў становіцца ўсё болей.

Швачныя прадпрыемствы краіны вырабляюць свае тавары амаль для ўсіх вядучых эўрапейскіх фірмаў адзеньня. Прычым, як падкрэсьлівае “Financial Times Deutschland”, многія беларускія вытворцы ня толькі шыюць, але і робяць літаральна ўсе апэрацыі, уключна з дызайнам, выбарам і набыцьцём тканіны, фурнітуры.

Нямецкая фірма “Eliz” зьяўляецца асаблівым заказчыкам. Прадукцыя для яе вырабляецца ў невялікім гарадку Дзяржынск, які названы так у гонар заснавальніка савецкага КГБ. Тут на мясцовай фабрыцы штогод шыюць больш за 200 тысяч кашуляў і іншых відаў нямецкай паліцэйскай спэцвопраткі.

Ня выключана, што нямецкія крымінальныя паліцыянты ведаюць, дзе вырабляецца іхная элегантная ўніформа. Што да іншых пакупнікоў беларускага адзеньня ў Эўропе, то, яны, хутчэй за ўсё, ня маюць пра гэта ўяўленьня.

Словы “Made in Belarus” зьяўляюцца дрэнным ганлёвым брэндам, — канстатуе кіраўнік фірмы жаночай бялізны “Мілавіца” Дзьмітры Дзічкоўскі. У найлепшым выпадку пра вытворцу можна даведацца, дзякуючы адмысловаму коду. Такое робяць адзінкі. У Эўропе лічаць, што бірка з назвай дыктатарскай краіны можа напалохаць многіх пакупнікоў.

Што да “Мілавіцы”, то яе бюстгальтэры (штогод толькі ў нямецкія крамы іх трапляе дзесьці каля двух мільёнаў) прадaюцца з лэйбламі “Triumph“ і “Amourette”. Акрамя якасьці гэтай бялізны эўрапейскіх пакупніц вабяць параўнальна невысокі кошт. Кожная хвіліна пашыву на “Мілавіцы” (а ў гэтай галіне ўсе разьлікі вызначаныя хвілінамі) каштуе максымум 8 цэнтаў. Гэта таньней за Польшчу ці Чэхію, ня кажучы пра Нямеччыну ці Францыю. “Аднак мы ніколі ня будзем больш таннымі за Кітай”, — гаворыць шэф “Мілавіцы”. Перавага Беларусі ў параўнаньні з далёкаўсходнімі краінамі ў яе дынамічнасьці й хуткасьці паставак.

Як піша “Financial Times Deutschland”, у зьвязку з палітычнай рэпутацыяй Беларусі Эўразьвяз ухіляецца ад таго, каб узьняць адпаведныя квоты для краіны. Паводле намесьніка міністра замежных справаў Аляксандра Міхневіча, калі гэтыя квоты ўсё ж ня будуць узьнятыя, беларускі экспарт панясе вялікія страты. Аляксандар Міхневіч падкрэсьлівае, што ўсе новыя сябры Эўразьвязу зьяўляюцца галоўнымі пакупнікамі беларускай прадукцыі.

На фотаздымку: жаночыя майткі - узор прадукцыі "Мілавіцы" з калекцыі 2004 году.
XS
SM
MD
LG