Лінкі ўнівэрсальнага доступу

German-foreign-policy.com — пра новую стратэгію Бэрліна ў дачыненьні да Менску


Ул. інф. Як вынікае з паведамленьня на сайце “Нямецкая зьнешняя палітыка” ( german-foreign-policy.com --> http://www.german-foreign-policy.com/ ) далейшая стратэгія Нямеччыны ў дачыненьні да афіцыйнага Менску будзе дваістай. З аднаго боку, што тычыць палітыкі — гэта ціск; з другога, што тычыць эканомікі — гэта актыўнае супрацоўніцтва. Вэбсайт german-foreign-policy.com зьяўляецца аўтарытэтнай інтэрнэт-старонкай і зьмяшчае як самыя актуальныя навіны нямецкай зьнешняй палітыкі, так і грунтоўную аналітыку.

У адпаведнасьці з новай дваістай стратэгіяй, Бэрлін мусіць усяляк падтрымліваць нямецка-беларускае супрацоўніцтва ў такіх пытаньнях як бізнэс і навука. Назіральнікі спасылаюцца на самыя апошнія зьвесткі Венскага інстытуту міжнародных параўнальных дасьледаваньняў (WIIW), згодна зь якімі Беларусь зь яе сьціплымі замежнымі інвэстыцыямі і недастатковымі рэформамі дэманструе нечаканы ўздым эканамічнага разьвіцьця. Як вынікае з паведамленьня german-foreign-policy.com, гэтая дынаміка выклікае вялікі інтарэс у нямецкіх партнэраў. Невыпадкова фэдэральнае міністэрства эканомікі ня так даўно ініцыявала правядзеньне найбуйнейшай сумеснай імпрэзы, у рамках якой прадстаўнікі сярэдняга бізнэсу ФРН будуць дэманстраваць выкарыстаньне сучасных беларускіх бія- і экалягічных тэхналёгіяў.

У прадстаўніцтве нямецкай эканомікі ў Менску нам пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Паводле некаторых зьвестак, імпрэза адбудзецца ў апошняй дэкадзе верасьня ў беларускай сталіцы. Ёсьць меркаваньні, што ў падобным супрацоўніцтве Бэрлін робіць стаўку як на распрацоўку стратэгічнай тэхналёгіі будучыні, так і на яе распрацоўнікаў — беларускіх дасьледчыкаў і практыкаў. Гэта з аднаго боку, якасна, з другога — танна. Як вынікае са зьвестак нямецкага сайту, Бэрлін вельмі актыўна разглядае магчымасьці сваёй прысутнасьці ў беларускай эканоміцы. На сёньня сярод 15 замежных эканамічных кансультантаў беларускага ўраду чацьвёра немцы.

Паралельна зь падтрымкай эканамічнага супрацоўніцтва ўзмацняецца палітычны канфлікт Бэрліна зь Менскам, — паведамляецца на сайце. Так, напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Грэцыі Бэрлін разам з Брусэлем вельмі выразна выказаліся за ўвядзеньне забароны на прысутнасьць у Афінах беларускага міністра спорту Юрыя Сівакова. Яшчэ раней група ўсходнеэўрапейскіх экспэртаў накіравала свой ліст міністру Ёшку Фішэру, у, якім, паводле german-foreign-policy.com, разам з “увядзеньнем абмежаваньняў свабоды руху высокіх беларускіх функцыянэраў на тэрыторыі ЭЗ” выкладаюцца і іншыя прапановы. Напрыклад, “сыстэматычная падтрымка апазыцыйных колаў у Беларусі”, “стварэньне рабочага штабу па ЭГУ”, шэраг рэкамэндацыяў, зьвязаных з заплянаванымі на кастрычнік парлямэнцкімі выбарамі.

Сярод аўтараў пасланьня — былы шэф кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі, а цяпер старшыня нямецкага грамадзкага фармаваньня “Правы чалавека ў Беларусі” Ганс-Георг Вік. Як паведаміў спадар Вік, пакуль афіцыйнай рэакцыі з боку Фішэра на ліст усходнеэўрапейскіх экспэртаў не было.

(Вік: ) “Я спадзяюся, аднак, што чакаць рэакцыі прыйдзецца нядоўга. Я зыходжу з таго, што ўжо вядуцца пэўныя перамовы паміж Бэрлінам і Менскам, Эўразьвязам і беларускім кіраўніцтвам па шэрагу пытаньняў. На ўзроўні Бэрліну і таксама ЭЗ ужо выпрацаваная пэўная пазыцыя ў дачыненьні да ЭГУ. Прадстаўнікі эўрапейскіх колаў ужо выказалі Менску дастаткова жорсткія папярэджаньні з гэтае нагоды, што гэта ёсьць недружалюбны акт, які ніяк не адпавядае эўрапейскаму духу. Найбліжэйшым часам мы чакаем паседжаньня Рады Цэнтру эўрапейскіх і трансантлянтычных дасьледаваньняў (CETS), на якім будуць разглядацца пытаньні захаваньня самой ідэі гэтага ўнівэрсытэту ды магчымасьці далейшай свабоднай адукацыі беларускіх студэнтаў. Што тычыць рэакцыі па іншых пазыцыях, як з боку Бэрліна, так і з боку Эўропы, то яе чакаць нядоўга. Так я магу сказаць цяпер”, – сказаў для Радыё Свабода Ганс-Георг Вік.

Паводле нямецкіх назіральнікаў, меркаваньне якіх прадстаўленае на Інтэрнэт-сайце german-foregn-policy.com, размова ідзе пра гэтак званую дваістую стратэгію ў дачыненьні да Менску –з аднаго боку, пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю і адпаведна ўмацаваньне нямецкага эканамічнага ўплыву, а зь іншага боку – узмацненьне палітычнага ціску, у тым ліку і падтрымка апазыцыйных груповак у Беларусі. Экспэрты падкрэсьліваюць, што гэтая стратэгія належыць да апрабаваных мэтодык зьвяржэньня аўтарытарных рэжымаў і адпавядае прапановам усходнеэўрапейскіх экспэртаў адносна палітыкі Бэрліна адносна Беларусі, якія выкладзеныя ў лісьце да Ёшкі Фішэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG