Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Фралоў патрабуе ад Сяргея Атрошчанкі 100 мільёнаў рублёў


Ганна Соусь, Менск Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў генэрал Валер Фралоў патрабуе праз суд ад рэдакцыі газэты “Обозреватель” 100 мільёнаў рублей кампэнсацыі за тое, што ў гэтым выданьні яго й дэпутата Ўладзімера Навасяда назвалі асабовымі антысэмітамі. Калі атрымаецца спагнаць гэтыя грошы, то дэпутат Фралоў мае намер аддаць частку іх у якасьці дапамогі газэце “Народная воля”.

Генэрал Валер Фралоў зьвярнуўся ў суд Маскоўскага раёну Менску з пазовам аб абароне гонару, годнасьці й кампэнсацыі маральнай страты з нагоды публікацыі ў “Обозревателе” 15 жніўня 2003 году артыкулу пад назовам “Дэпутаты Касьян, Навасяд і Фралоў – асабовыя антысэміты?”

У публікацыі са спасылкай на словы старшыні Саюзу габрэйскіх арганізацый і суполак Беларусі Леаніда Левіна сьцьвярджалася, што дэпутаты Фралоў і Навасяд вызнаюць асабовы антысэмітызм, да таго ж, “прапаведуюць нелюбоў да габрэяў паўсюль, дзе ні знаходзіліся б”.

Пасьля выхаду публікацыі Леанід Левін затэлефанаваў дэпутатам Фралову й Навасяду й сказаў, што ён такога ніколі не гаварыў. Леанід Левін накіраваў ліст у рэдакцыю з патрабаваньнем аспрэчаньня. Але яно не было надрукавана.

(Левін: ) “Гэта нейкія словы нейкай дзяўчыны, сказаныя за маімі словамі. Яна сама назвала гэтыя імёны, я нават і не памятаў. Таму я ад першага да апошняга слова цьверджу: я ніколі гэтага не казаў. І нават ня думаў пра такое. Таму што я ведаю: гэтыя людзі ня могуць быць антысэмітамі”.

Дэпутат Валер Фралоў патрабуе ад рэдакцыі “Обозревателя” надрукаваць аспрэчаньне й выплаціць яму 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай страты.

(Фралоў: ) “Мяне азначылі ў гэтай газэце як антысэміта. Маімі суседзямі недзе з 4 да 17 гадоў былі габрэі. І каб не яны, то я ў сваім пралетарскім раёне на аўтазаводзе, можа, зусім іншым чалавекам быў бы. У мяне ёсьць сябар таксама габрэй Анатоль Гантварг, ён чатыры разы быў чэмпіёнам сьвету па шашках. Мы зь ім сябруем гадоў з чатырох. Таму, калі мяне зрабілі такім антысэмітам, мне гэта было вельмі непрыемна. Бо я стаўлюся да габрэяў, як да ўсіх людзей, ніяк не вылучаю іх сярод іншых. А з другога боку, я апошнім часам шмат дзе ежджу, і такая пляма “антысэміт” мне – як палітыку – ня вельмі спрыяе. Здаралася ў часе сустрэч даводзіць, што я не такі”.

(Карэспандэнтка: ) “Той артыкул быў надрукаваны летась у жніўні. А Вы зьвярнуліся з пазовам у суд практычна праз год…”

(Фралоў: ) “Мне доўгі час казалі людзі, габрэі, якіх я паважаю, што трэба гэта зрабіць. Але неяк усё былі іншыя справы. Я, як Рыбакоў: той праз два гады падаў у суд заяву. А я праз год, трохі хутчэй за яго”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы патрабуеце 100 мільёнаў рублёў… Калі атрымаецца спагнаць гэтыя грошы з “Обозревателя”, то, можа, пэўная частка іх пойдзе на дапамогу “Народнай волі”, якая сплачвае даволі вялікія штрафы з прычын публікацый, зьвязаных з “Обозревателем”.

(Фралоў: ) “Я думаю, што так і адбудзецца”.

Як паведаміла Радыё Свабода намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Обозреватель” Вольга Тарасевіч, пазову Валер’я Фралова ў рэдакцыі пакуль не атрымалі, і таму камэнтаваць сытуацыю ня будуць.

Нагадаю: вышэйзгаданы артыкул у “Обозревателе” аказаўся падставай для публікацыі ў “Народнай волі” матэрыялу “Как “Обозреватель” Сергея Атрощенко по-бандитски обошелся с Леонидом Левиным”. Тады таварыства “Альянс-мэдыя”, якім валодае Сяргей Атрошчанка, запатрабавала праз суд 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі з “Народнай волі” за маральную страту. Сёлета ў лютым суд Ленінскага раёну Менску часткова задаволіў пазоў і прызнаў назву артыкулу, а таксама некалькі фраз зь яго абразай для дзелавой рэпутацыі “Обозревателя”. Пры гэтым патрабаваньня аб выплаце кампэнсацыі на 50 мільёнаў рублёў суд не задаволіў.
XS
SM
MD
LG