Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фінал IV Нацыянальнага конкурсу прыгажосьці “Міс Беларусь-2004” перанесены на 24 верасьня


Альгерд Невяроўскі, Менск Паводле міністра культуры Леаніда Гулякі, гэта зроблена з просьбы саміх удзельніц папярэдніх абласных конкурсных адбораў. Але ў фінал патрапілі толькі пераможцы гэтых кастынгаў. Усе астатнія прэтэндэнткі будуць удзельнічаць у дадатковых конкурсах. Хаця раней гэтыя новыя кастынгі не былі прадугледжаны арганізатарамі.

Паводле папярэдніх умоваў IV Нацыянальнага конкурсу прыгажосьці “Міс Беларусь-2004”, ягоны фінал павінен быў адбыцца напрыканцы чэрвеня ў менскім палацы Рэспублікі. У траўні прайшлі абласныя й менскі гарадзкі кастынгі, якія вызначылі ўдзельніц фіналу – па тры дзяўчыны з кожнай вобласьці й Менску. Але ў чэрвені фінал так і не адбыўся.

Міністар культуры Беларусі Леанід Гуляка на прэсавай канфэрэнцыі 13 ліпеня распавёў, што фінал конкурсу перанесены на 24 верасьня з просьбы саміх пераможцаў абласных кастынгаў, шмат хто зь якіх – студэнткі. Цяпер жа арганізатары вырашылі зьмяніць рэглямэнт правядзеньня конкурсу.

(Гуляка: ) “Вось гэты прамежак часу мы вырашылі выкарыстаць максымальна, каб правесьці дадатковыя адборы ў абласьцёх і горадзе Менску. Каб максымальная колькасьць людзей, максымальная колькасьць нашых дзяўчат маглі прыняць удзел у дадатковых праглядах”.

У верасьнёўскім фінале конкурсу прыгажосьці цяпер будуць удзельнічаць толькі пераможцы абласных кастынгаў. Тыя ж дзяўчаты, хто заняў 2 і 3 месцы й меркавалі, што патрапілі ў фінал, цяпер мусяць зноў удзельнічаць у адборачным туры. Усяго ж у фінальным туры будзе ўдзельнічаць 24 прэтэндэнткі.

Паводле інфармацыі газэты “7 дней”, дадатковыя абласныя конкурсы праводзяцца таму, што некаторыя пераможцы травеньскіх кастынгаў заключылі кантракты з мадэльнымі агенцыямі й выехалі працаваць за мяжу. Міністар культуры гэтую інфармацыю аспрэчыў. Але зазначыў, што ўсе фіналісткі будуць абавязаны заключыць кантракты зь дзяржаўнай установай “Нацыянальная школа прыгажосьці”, якая ёсьць адным з арганізатараў конкурсу. Пераможца нацыянальнага конкурсу будзе выступаць ад Беларусі на конкурсе Міс Эўропа. Таму я задаў міністру Гуляку пытаньне “Ці будуць пры адборы фіналістак неяк абазначаны нацыянальныя асаблівасьці беларускіх прыгажунь?” Вось што ён адказаў:

(Гуляка: ) “Я лічу, што валодаць беларускай мовай для ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе прыгажосьці не абавязкова – гэта ня ёсьць умовай для падачы заяўкі на конкурс, і таксама для фіналісткі. Адна з нацыянальных асаблівасьцяў конкурсу: упершыню будзе паказ-выхад у нацыянальных строях”.

Пакуль ня вызначана сума ўзнагароды, якую атрымае пераможца Нацыянальнага конкурсу “Міс Беларусь-2004”. Але міністар Гуляка паабяцаў: яна будзе ня меншай за тую, што атрымліваюць пераможцы ў іншых краінах Эўропы й сьвету. Спадар міністар таксама выказаў спадзяваньне, што назіраць за фіналам конкурсу будуць Аляксандар Лукашэнка, іншыя высокія дзяржаўныя чыноўнікі, а да таго ж і вядомы мадэльер П’ер Кардэн.

На фотаздымку: “Міс Менск – 2004”, Вольга Курышка
XS
SM
MD
LG