Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Валэнса беларускай Свабодзе: “Я, бачыце, яшчэ працягваю змагацца. Працягвайце і вы!”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Лех Валэнса – былы лідэр “Салідарнасьці”, былы прэзыдэнт Польшчы і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру атрымаў у Варшаве адмысловую ўзнагароду МЗС Польшчы за выбітную ролю ў гісторыі краіны і пашырэньне ведаў пра Польшчу ў сьвеце. У часе прыёму з гэтай нагоды ў каралеўскім палацы Валэнса пажадаў посьпехаў у працы беларускай службе радыё Свабода.

(Валэнса: ) “My – naród! We are the people!”

Гістарычны выступ ў амэрыканскім Кангрэсе – вялікае захапленьне і вялікая павага. Гэтак былога лідэра “Салідарнсьці” прымалі і дагэтуль прымаюць ва ўсім сьвеце.

Толькі цягам апошніх некалькіх гадоў Лех Валэнса прадстаўляў увесь Эўрапейскі кантынэнт у часе алімпіяды ў Атлянце, усе 10 краінаў-новых сябраў Эўрапейскага Зьвязу ў часе цырымоніі пашырэньня Эўразьвязу, а таксама Польшчу ў часе пахаваньня Роналда Рэйгана.

Магчыма, менавіта таму, усе былыя і цяперашні міністар замежных справаў Польшчы змаглі пераадолець свае палітычныя супярэчнасьці й адзінагалосна пастанавілі ўганараваць адмысловым дыплёмаў МЗС Леха Валэнсу.

(Валэнса: ) “Не хаваю, што я зьдзіўлены тым, што цяперашнія польскія ўлады ўзагадалі ўрэшце пра мае шматгадовыя намаганьні”.

Адметна, што на цырымоніі ў каралеўскім палацы прысутнічалі як былыя паплечнікі, так і былыя палітычныя ворагі Леха Валэнсы.

(Герэмэк: ) “Гэта сымбалічна і, па-мойму, ёсьць ў пэўным сэнсе сьведчаньнем вяртаньня нашае краіны да нармальнасьці”, – сказаў беларускай Свабодзе былы міністар замежных справаў, а цяпер дэпутат Эўрапарлямэнту Браніслаў Герэмэк.

Між тым, у часе адмысловага прыёму з нагоды ўганараваньня былога польскага прэзыдэнта, калі ўсе мікрафоны былі ўжо выключаныя Лех Валэнса знайшоў час паразмаўляць з карэспандэнтам Свабоды, прыняў віншаваньні ды пажадаў беларускай рэдакцыі нашага радыё плённай працы.

“Я, бачыце, яшчэ працягваю змагацца. Працягвайце і вы”, – сказаў Лех Валэнса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG