Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі больш як 700 уцекачоў з розных краінаў сьвету, якія атрымалі тут палітычны прытулак


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі больш як 700 уцекачоў з розных краінаў сьвету, якія атрымалі тут палітычны прытулак. Гэтым людзям беларуская дзяржава выплачвае грашовую дапамогу ды забясьпечвае бясплатную адукацыю і мэдычнае абслугоўваньне. Тым часам ня менш як 5 тысяч беларусаў мусяць шукаць палітычнага прытулку за мяжой і разьлічваць ім даводзіцца толькі на сябе.

732 замежнікі атрымалі статус палітычнага ўцекача ў Беларусі амаль за 10 гадоў дзейнасьці закону аб уцекачах. Больш як 3 тысячы замежнікаў шукаюць статусу палітычнага ўцекача, зьвярнуўшыся з заявамі ў адпаведныя органы Беларусі. Такія зьвесткі агучыў Яўген Крамко, загадчык аддзелу дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды Ўсясьветнага дня ўцекачоў.

Паводле Яўгена Крамка, Беларусь для ўцекачоў становіцца больш прывабнай краінай. Менавіта як краіна пражываньня, а ня толькі як прыступка для далейшага транзыту на захад. З гэткай ацэнкай пагаджаецца мой знаёмы аўганец Нуры –— адзін з амаль 500 аўганскіх уцекачоў, якія атрымалі палітычны прытулак у Беларусі. Ён кажа, што Беларусь стала яму другім домам. У першую чаргу дзякуючы мэнталітэту беларусаў, але таксама з прычыны асаблівасьцяў сацыяльнай дапамогі ўцекачам у Беларусі. У прыватнасьці, ён адзначае бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне.

(Нуры: ) “Мая цётка Шырынголь, таксама з Аўганістану, таксама ўцекачка. У яе была хворая нырка, яна пакутавала недзе дзесяць гадоў. Ужо здаровая, ёй бясплатна зрабілі апэрацыю ў 9-й клініцы”.

Аднак хапае праблемаў і ў Нуры. Ён займаецца камэрцыяй, гандлюе на рынку і кажа, што цяжкасьці беларукіх гандляроў таксама тычацца і яго. “Калі вашы страйкуюць, я хацеў бы іх падтрымаць, але не магу. А раптам мяне адсюль выкінуць!” — прызнаецца Нуры.

А якое становішча зь беларускімі палітычнымі ўцекачамі ? Яўген Крамко ня змог назваць нават іх колькасьці, спаслаўшыся на службовую таямніцу. Прыблізную лічбу беларусаў, якія атрымалі палітычны прытулак за мяжой, назваў Ілья Тадаровіч, кіраўнік прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у Беларусі. Паводле ягоных зьвестак, за тры мінулыя гады такі статус атрымалі больш за 3 тысячы чалавек. Больш за іншыя краіны беларускіх уцекачоў прымаюць ЗША, Нямеччына, Чэхія і Швэцыя, паведаміў Ілья Тадаровіч.

Між тым, магчыма, што гэта ня поўныя зьвесткі. Паводле былой беларускай банкіркі Тамары Віньнікавай, толькі ў Вялікабрытаніі налічваецца некалькі тысяч палітычных уцекачоў зь Беларусі. Іх жыцьцё Тамара Віньнікава не лічыць лёгкім. Яна называе такія праблемы, як нізкія прыбыткі, моўны бар’ер, разрыў амаль усіх сувязяў з радзімай. Паводле Тамары Віньнікавай, беларусая дзяржава быццам помсьціць сваім былым грамадзянам.

(Віньнікава: ) “Пэнсіяў жа не выплачваюць тым, хто зьехаў, а ў Англіі многія беларусы атрымалі палітычны прытулак. Атрымліваецца, калі прыяжджаюць на тэрыторыю краіны людзі з Узбэкістану, Таджыкістану, Армэніі, Грузіі і зь нейкіх прычынаў просяць прытулку, і яны пэнсійнага ўзросту, ім адразу беларуская дзяржава выплачвае пэнсію. Але калі свае грамадзяне выяжджаюць, якія ўсё жыцьцё адпрацавалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ім пэнсія не выплачваецца. Прыкладам, тым, хто знаходзіцца ў Англіі. Гэта ж недапушчальна!”

Паводле эмігранцкіх арганізацыяў, беларусаў за мяжой за апошнія дзесяць гадоў зь Беларусі зьехалі дзясяткі тысяч. У асноўным гэта людзі, якія шукаюць працы. Але і колькасьць палітычных уцекачоў значна павялічылася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG