Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі далучыліся актывісты яшчэ ў трох гарадах


Алесь Дашчынскі, Менск Дзясяты дзень галадуюць у Менску дэпутаты Валерый Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец разам з актывістамі партый АГП і БНФ. Да галадоўнікаў у Менску далучыліся грамадзяне ў Жодзіне, Наваполацку й Віцебску.

У Віцебску пяцёра партыйных актывістаў далучаюцца да галадоўкі пратэсту. У Наваполацку трое грамадзянаў, Аляксандар Цярэнцьеў, Ігар Сухарукаў і Уладзімер Цыбульскі, працягваюць галадоўку на кватэры старшыні Наваполацкай арганізацыі АГП. Вось што паведаміў Радыё Свабода Аляксандар Цярэнцьеў.

(Цярэнцьеў: ) “Мы да гэтага галадалі асобна два дні і цяпер толькі сабраліся, і адгэтуль у нас дзесяць дзён. Пабачым па самаадчуваньні, то пратрымаемся да даты разгляду паправак, але арыентоўна на дзесяць дзён.”

У Жодзіне галадоўку працягвае Зьміцер Чарткоў, сябра Маладой грамады. У сувязі з пагаршэньнем стану здароўя праз два дні тут спыніла галадоўку сябра АГП Ірына Валчаніна.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі АГП Генадзь Ананьеў, які дзевяты дзень трымае галадоўку на кватэры Фралова, мяркуе, што галадоўнікаў можа быць яшчэ больш.

(Ананьеў: ) “Мы адгаворваем іх, каб яны далучаліся, просім, каб яны выказвалі сваю падтрымку нам у нейкай іншай форме. Але тым ня менш яны ідуць на гэты ўчынак.”

Меркаваньне намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча, які таксама трымае галадоўку разам з дэпутатамі.

(Карэспандэнт: ) Цяпер такая тэндэнцыя, зьвяртаюцца людзі, актывісты партый і хочуць далучацца да галадоўкі. Ці ёсьць патрэба ў тым, каб пашыралася кола галадоўнікаў?

(Івашкевіч: ) “У Менску гэтага ўжо ня трэба. Тыя дзевяць чалавек ёсьць, яны зьяўляюцца дастатковым інфармацыйным повадам, ад якога павінны разыходзіцца хвалі. Усе актывісты ў Менску павінны кіраваць свае намаганьні на пашырэньне інфармацыі пра гэтую галадоўку, пра патрабаваньні, якія выказваюцца, і на тое, каб штодня а 18-й гадзіне да дома з кватэрай Фралова прыходзіла ўсё болей людзей. На сёньняшні дзень галоўнае – ня рост колькасьці галадоўнікаў, а рост колькасьці маніфэстантаў на вуліцы. Што тычыцца іншых гарадоў, то можа быць, калі людзі жадаюць і маюць такую ахвярнасьць, каб яны арганізоўвалі такую галадоўку, але пры тым абавязкова, каб у гэтым горадзе пра гэта ішла інфармацыйная хваля.”

Дзясяты дзень галадоўкі на кватэры дэпутата Валерыя Фралова праходзіў у звычайным рэжыме. На дзьвярах зьявілася аб’ява, што з 14-ці да 16-ці гадзінаў штодня аб’яўляецца ціхі час, таму абмяжоўваецца магчымасьць сустрэчаў з наведвальнікамі. Галадоўнікі кажуць, што маюць праблемы з артэрыяльным ціскам. Генэрал Фралоў, якога ўчора аглядалі кардыёлягі, прымае лекі. Марына Багдановіч кажа, што адчувае сябе добра, але стараецца больш адпачываць.

Міліцыянэры пакуль не чапаюць плякат з патрабаваньнямі дэпутатаў, прымацаваны на балконе кватэры. Учора па пэрымэтры двара дома з галадоўнікамі камунальнікі выкапалі доўгую траншэю. Пераапранутыя прадстаўнікі спэцслужбаў, якія дзень і ноч дзяжураць у двары, распаўсюджваюць інфармацыю, што галадоўнікаў быццам бы няма, нібыта іх разагнаў ОМОН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG