Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец: “Не далі слова Фралову, адключылі мікрафоны, і сьпікер нават пастанавіў спыніць паседжаньне”


Аляксей Знаткевіч, Прага Позна ўвечары 3 чэрвеня мы таксама зьвязаліся зь Сяргеем Скрабцом, адным з трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія абвесьцілі галадоўку, патрабуючы разгледзець зьмены ў выбарчы кодэкс.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Скрабец, добры вечар!”

(Скрабец: ) “Добры!”

(Карэспандэнт: ) “Скажэце, дзе вы цяпер знаходзіцеся. Ці па-ранейшаму ў будынку парлямэнту?”

(Скрабец: ) “Так, мы знаходзімся зараз у будынку парлямэнту. Разам з маім калегам генэралам Фраловым”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вы зьбіраецеся сёньня начаваць там, усе трое?”

(Скрабец: ) “Так. Абавязкова. Зьбіраемся тут начаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна чакаць нейкага кроку насустрач з боку ўладаў у адказ на вашыя патрабаваньні?”

(Скрабец: ) “На мой погляд, гэтага можна чакаць, нейкія крокі. Нават такі крок, што ўсё-ткі будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў наш законапраект аб зьмене выбарчага заканадаўства”.

(Карэспандэнт: ) “Ці разьлічваеце вы тады, што гэты законапраект будзе мець посьпех, што ён будзе зацьверджаны?”

(Скрабец: ) “На гэта цяжка зараз разьлічваць, але на мой погляд, дэпутаты падзеляцца на палову: адныя будуць галасаваць – за, другія ня будуць галасаваць увогуле”.

(Карэспандэнт: ) “Ці былі нейкія спробы з боку ахову будынку падысьці да вас? Ці былі спробы выдаліць вас? Ці вы зь імі нейкім чынам дамовіліся?”

(Скрабец: ) “Мы зь імі ніяк не дамаўляліся. Зараз мы знаходзімся ў парлямэнце. Ніякіх просьбаў ці патрабаваньняў з боку аховы да нас не было. Але вакол парлямэнту цэлы дзень было ачапленьне. Стаяла ахова прэзыдэнта. Нікога не пускалі ўнутр. Мы тры разы выходзілі з парлямэнту, каб паразмаўляць з карэспандэнтамі розных сродкаў масавай інфармацыі і з тымі людзьмі, што прыйшлі нас падтрымаць”.

(Карэспандэнт: ) “Як вашыя сябры, вашая сям''я ўспрынялі гэты радыкальны крок?”

(Скрабец: ) “Так скажам, што ня ўсе гэты крок ухваляюць, але нешта рабіць патрэбна, таму сябры па палітычным змаганьні лічаць, што мы да гэтага не падтрыхтаваныя. Але калі мы да гэтага будзем рыхтавацца? Калі мы былі ў залі й узьнікла такая сытуацыя, што не далі слова Фралову, адключылі мікрафоны, і сьпікер нават пастанавіў спыніць паседжаньне, мы былі вымушаныя пайсьці на гэтую меру”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта быў не заплянаваны, а імправізаваны крок?”

(Скрабец: ) “Так. А потым мы ўжо распаўсюдзілі сваю заяву. Але ўжо больш за год мы спрабуем унесьці ў зал гэтую прапанову, але нам не даюць”.

(Карэспандэнт: ) “Што найбольш не задавальняе вас у цяперашнім выбарчым заканадаўстве? Што дае падставы гаварыць пра магчымыя фальсыфікацыі й маніпуляцыі”.

(Скрабец: ) “Летась на мясцовых выбарах ня раз парушаўся выбарчы кодэкс. Гэта былі падтасоўкі. І нават мы за руку лавілі. Факты былі відавочныя. І ніякіх вынікаў не было, ніякіх высноваў не было зроблена з гэтага. Таму мы патрабуем, каб у склад выбарчых камісіяў маглі ўваходзіць прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх аб''яднаньняў. Гэта першае. Па-другое, мы лічым, каб была магчымасьць у назіральнікаў уносіць інфармацыю пра парушэньні, якія яны бачаць, у выбарчы пратакол. І трэцяе, я праўда ня ведаю, ці засталося гэта ў канчатковым варыянце, але мы прапануем адмяніць датэрміновае галасаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вялікі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG