Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таджыкістан абвесьціў мараторый на сьмяротнае пакараньне


Ганна Соусь, Менск Парлямэнт Таджыкістану ўчора прагаласаваў за мараторый на сьмяротнае пакараньне. Цяпер сярод краінаў-сяброў АБСЭ караюць сьмерцю толькі ў Беларусі, Узбэкістане і Злучаных Штатах Амэрыкі.

Дэпутаты ніжняй палаты парлямэнту Таджыкістану ўчора аднагалосна прагаласавалі за ўвядзеньне мараторыя на пакараньне сьмерцю. Мараторый набудзе моц адразу пасьля абнародаваньня адпаведнага закону й будзе бестэрміновым.

Максымальным пакараньнем у Таджыкістане стане 25-гадовы тэрмін зьняволеньня.

Мараторый павінна яшчэ ўхваліць ніжняя палата парлямэнту Таджыкістану, аднак гэты крок, як адзначаецца, ужо лічыцца фармальнасьцю. Закон аб мараторыі на пакараньне сьмерцю павінен падпісаць прэзыдэнт Таджыкістану Імамалі Рахмонаў, ён дарэчы, і высунуў гэтую прапанову сёлета ў красавіку.

Гаворыць прадстаўнік таджыцкага прэзыдэнта ў парлямэнце Шэрмахмад Шоеў.

(Шоеў: ) “Маючы на ўвазе досьвед большасьці краінаў сьвету, якія адмянілі альбо спынілі гэты від пакараньня, Таджыкістан гэтаксама выбраў такі шлях. У Таджыкістане больш ня будуць караць сьмерцю, і вынясеньне гэтага віду пакараньня ўжо спынена ў судах”.

Паводле праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, у Таджыкістане летась было вынесена 34 сьмяротныя прысуды.

Прадстаўніца АБСЭ у Варшаве Ганна Кроўфард адзначае, што рашэньне Таджыкістану аб увядзеньні мараторыя на пакараньне сьмерцю ёсьць часткай агульнай тэндэнцыі ў Сярэдняазіяцкім рэгіёне, а таксама ў межах іншых краінаў-сябраў АБСЭ:

(Кроўфард: ) “Крок Таджыкістану – гэта частка больш шырокай тэндэнцыі ў межах удзельнікаў АБСЭ. За мінулыя гады мы паступова ўбачылі, што дзяржавы-сябры АБСЭ уводзяць мараторый і рухаюцца ў кірунку поўнай адмены сьмяротнага пакараньня. Ёсьць 55 дзяржаваў – сябраў АБСЭ. І пасьля гэтага кроку Таджыкістану застаюцца толькі тры дзяржавы – сябры АБСЭ, якія працягваюць караць сьмерцю – гэта Беларусь, ЗША і Узбэкістан”.

Туркмэністан адмяніў сьмяротны прысуд у сьнежні 1999 году, цяпер максымальнае пакараньне ў гэтай краіне – пажыцьцёвае зьняволеньне. Прэзыдэнты Кыргызстану і Казахстану заявілі, што адменяць сьмяротнае пакараньне ў блізкім часе. Прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў працягвае мараторый на пакараньне сьмерцю кожны год, пачынаючы з 1998 году. Летась казахскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў увёў мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў для ўсіх асуджаных, якія знаходзіліся ў камэры сьмяротнікаў.

Прадстаўніца АБСЭ Ганна Кроўфарод дадае, што ўвядзеньне мараторыяў на сьмяротнае пакараньне адбывалася пад ціскам міжнароднай супольнасьці.

Тым часам ва Ўзбэкістане дагэтуль выносяцца сьмяротныя прысуды. Паводле узбэцкіх недзяржаўных арганізацыяў, ва Ўзбэкістане штогод караюць сьмерцю прынамсі 200 чалавек. Афіцыйную статыстыку на гэты конт Ташкент не падае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG