Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя Аляксандра Казуліна пагоршыўся (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сваякі й сябры былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна спрабуюць пераканаць яго спыніць галадоўку, якая пагражае жыцьцю.

Сёньня пайшоў 46-ты дзень галадоўкі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Нагадаю, палітык галадае ў віцебскай калёніі, пратэстуючы супраць улады Аляксандра Лукашэнкі й дамагаючыся разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН.

Паводле зьвестак, якія 4 сьнежня атрымала Ірына Казуліна з калёніі, яе муж цяпер важыць 65 кіляграмаў. За час галадоўкі ён схуднеў на 26 кіляграмаў, а за болей як восем месяцаў знаходжаньня за кратамі палітык страціў 40 кіляграмаў. Непакоіць сваякоў Казуліна й тое, што ў яго зьніжаецца ціск і падае тэмпэратура, якая ўжо на паўградуса меншая за норму.

Тое, што стан здароўя Аляксандра Казуліна пагоршыўся, прызнаюць і ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. Сёньня Ірына Казуліна зьвярнулася да міліцыянтаў з просьбай дазволіць кароткатэрміновае спатканьне з мужам 5 сьнежня. Вось што распавяла Ірына Казуліна пра вынік размовы з намесьнікам начальніка дэпартамэнту Юр’ем Баранковым:

(Казуліна: ) “Ён мяне выслухаў і падпісаў дазвол на спатканьне. Я патлумачыла, што толькі пры сустрэчы здолею давесьці да яго ўсю інфармацыю пра падзеі, якія тут адбываюцца адносна ягонай акцыі, і па-другое, паспрабую яго ўгаварыць скончыць галадоўку”.

Раней сваякі Аляксандра Казуліна неаднаразова заклікалі яго спыніць галадоўку. Да закліку далучыліся й апазыцыйныя лідэры, а таксама сябар Казуліна, былы дэпутат Сяргей Скрабец, які болей за тры тыдні галадаў разам зь ім у віцебскай калёніі.

Між тым пакуль Аляксандар Казулін саступаць не зьбіраецца. У лісьце, дасланым дахаты напярэдадні, палітык дзякуе тым, хто яго падтрымлівае, і выказвае перакананасьць, што пераможа.

Таксама Аляксандар Казулін піша пра агляд турэмных лекараў, які адбыўся 27 лістапада. Вось цытата зь ягонага ліста: “Прыехала цэлая мэдычная дэлегацыя зь Менску на чале з начальнікам мэдычнай часткі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Каля гадзіны мяне круцілі, вярцелі, зьдзіўляліся маёй вазе 69 кіляграмаў і майму зьнешняму выгляду, бо маглі параўноўваць з тым, што бачылі, калі я быў у рэспубліканскім шпіталі... Зразумела, што я адмовіўся ад назіраньня ў стацыянары і ўсіх іньекцыяў. Мясцовыя дактары кажуць, што на маім прыкладзе будуць пісаць навуковыя працы пра неверагодныя й незразумелыя магчымасьці арганізму чалавека”, — піша ў лісьце родным Аляксандар Казулін.



Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў арыштаваны 25 сакавіка пасьля дэманстрацыі пратэсту. Палітыка асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў. Вінаватым сябе Казулін ніколі не прызнаваў і тлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі.

XS
SM
MD
LG