Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Крамлі заселі палітыкі, якія гатовы гандляваць славянскім братэрствам”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 15 лістапада 2006 году.

Як зьменіцца жыцьцё ў Беларусі ў тым выпадку, калі беларускім уладам ня ўдасца ўгаварыць расейскае кіраўніцтва пакінуць нізкія цэны на газ і нафту? Ці адаб’ецца гэта на грамадскіх настроях, на стаўленьні людзей да афіцыйнай палітыкі і да апазыцыі? Ці можа паскорыць палітычныя зьмены ў дзяржаве?

На гэтыя ды іншыя падобныя пытаньні спрабуюць адказаць у гэтыя лістападаўскія дні многія слухачы Свабоды. Аўтар аднаго з электронных лістоў на тэму беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў – Павал Луцэвіч зь Менску. Ён піша:

“Магчыма, што гэтым разам Лукашэнку ня ўдасца перамагчы на перамовах з Масквой. У Крамлі цяпер заселі палітыкі, якія гатовы гандляваць славянскім братэрствам. Яны вымяраюць дружбу і саюзьніцкія дачыненьні ў далярах. Але нават Вы на Свабодзе павінны прызнаць геніяльнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі, які больш за дзесяць гадоў на такіх перамовах перамагаў. Не было б гэтых перамогаў, ня мелі б мы танных газу і нафты – у Беларусі сёньня быў бы зусім іншы ўзровень жыцьця. А так усе гэтыя гады ў Беларусі расьлі заробкі і пэнсіі, падтрымлівалася сельская гаспадарка, хуткімі тэмпамі расла эканоміка.

Людзі ўсё гэта бачаць і разумеюць. І нават калі ў наступным годзе такога хуткага росту ня будзе – Лукашэнку даруюць. Бо ўсе будуць разумець, што вінаваты ня Лукашэнка, а Пуцін, які памяняў саюзьніцкія дачыненьні на амэрыканскія даляры”, — гэтак лічыць Павал Луцэвіч зь Менску.

Сапраўды, спадар Луцэвіч, беларускаму кіраўніцтву даволі працяглы час удавалася мяняць братэрскія саюзьніцкія пацалункі на танныя расейскія газ і нафту. На пачатку, у ’96-м годзе, многім здавалася, што інтэграцыйная аб’яднальная палітыка хутка прывядзе да страты дзяржаўнай незалежнасьці. Памятаеце, якой бурнай і мітынговай была вясна ’96-га, калі так званае “саюзнае будаўніцтва” толькі пачыналася. Але аказалася, што за мінулае дзесяцігодзьдзе Беларусь фактычна толькі ўмацоўвала свой суверэнітэт. На афіцыйным узроўні гучалі клятвы ў сяброўстве, падпісваліся новыя дамовы пра ўсё больш шчыльную інтэграцыю і аб’яднаньне, саюз атрымліваў усё новыя нозвы (дайшло ўрэшце нават да таго, што яго назвалі дзяржавай) – але ў сапраўднасьці ніякіх уладных паўнамоцтваў Менск Маскве не перадаваў. І ў гэтым сэнсе, сапраўды, можна казаць пра дыпляматычныя і палітычныя посьпехі Аляксандра Лукашэнкі, які здолеў на працягу цэлага дзесяцігодзьдзя атрымліваць ад суседняй дзяржавы магутную эканамічную падтрымку, адначасова не аслабляючы суверэнітэт сваёй дзяржавы. Іншая рэч – наколькі аптымальна была выкарыстана гэтая дапамога? Чаму шматмільярдныя прыбыткі не пайшлі на мадэрнізацыю прамысловасьці і на эканамічныя рэформы? Ці выкарыстала Беларусь дзесяцігадовую перадышку дзеля таго, каб падрыхтавацца да рынкавых коштаў, якія былі непазьбежныя?

Відавочна, адказ на гэтыя пытаньні беларусы і ўбачаць, і адчуюць на ўласнай скуры ўжо на пачатку новага году. І адказ гэты можа быць не такім відавочным, як Вам, спадар Луцэвіч, падаецца.

Наша слухачка Людміла Бялькевіч з Салігорску, разважаючы ў сваім лісьце пра многія сёньняшнія праблемы беларускай дзяржавы і грамадства, адказы на вострыя пытаньні прапануе шукаць у падзеях пачатку 90-х гадоў, калі распаўся Савецкі Саюз і Беларусь стала незалежнай. Слухачка піша:

“Савецкі чалавек ня прывык, ня ўмеў і не хацеў клапаціцца пра сябе. І калі разваліўся СССР, людзі трапілі ў крызысную сытуацыю. Галасавалі не за Лукашэнку, а супраць Кебіча, якога лічылі галоўным віноўнікам распаду Саюзу. Заплюшчыўшы вочы, пайшлі ўсьлед за невідушчым – і разам зь ім трапілі ў яму.

Сёньня ўвесь электарат Лукашэнкі не ўяўляе свайго жыцьця без ягонага ўдзелу. Зарплаты, пэнсіі, бескарысная і бессэнсоўная праца, магчымасьць красьці і махляваць – усё гэта зьвязваецца зь цяперашняй уладай. Дзіву даешся: многія з гэтых людзей паводзяць сябе, як абкураныя наркаманы,– піша Людміла Бялькевіч.–. Яны не ўспрымаюць адэкватна навакольнай рэальнасьці, жывуць у сваім выдуманым сьвеце.

Думаю, што ў Беларусі (як і ў Расеі) яшчэ рана ўводзіць дэмакратычныя нормы. Людзі, якія прывыклі да вечнай “халявы”, якія застаюцца пад узьдзеяньнем інфармацыйнага дурману, не ацэняць таго, што будзе прадпрымацца дзеля дэмакратызацыі. Будзе шмат незадаволеных.

Прагрэсіўныя сілы многіх дзяржаў гатовы дапамагчы тым жыхарам Беларусі, якія разумеюць, што адбываецца. Лічу, што ў першую чаргу неабходна падтрымаць тых, хто трапіў пад рэпрэсіі. Астатніх трэба паберагчы”, — гэтак лічыць Людміла Бялькевіч з Салігорску.

Адна з галоўных Вашых высноў, спадарыня Бялькевіч (пра тое, што ў Беларусі рана ўводзіць дэмакратычныя нормы) дзіўным чынам супадае са стаўленьнем да гэтай праблемы з боку ўлады. Апошнім часам высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі таксама пачалі выказвацца на тэму персьпектываў дэмакратызацыі. Маўляў, мы ня супраць, але наша грамадства да гэтага не гатова. Яно павінна дасьпець. А пакуль геніяльная інтуіцыя нашага прэзыдэнта падказвае, што дэмакратыя нашым людзям не патрэбная і была б успрынята імі варожа.

Атрымліваецца, палякі, літоўцы, украінцы да дэмакратыі дасьпелі, а беларусы – не? А калі не даваць ім допуску да незалежнай прэсы, не дазваляць аб’ядноўвацца ў незалежныя прафсаюзы і грамадскія арганізацыі, ператварыць у фарс выбары – дык, можа, яны і ніколі не сасьпеюць? Зручнае апраўданьне для бясконцага панаваньня аўтарытарызму.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” – агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.

Аўтар наступнага ліста – Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну. Назіраючы за палітычнымі галадоўкамі апошняга часу, ёз згадвае ўласны багаты досьвед галадоўніка.

“Я галадаваў у жніўні 90-га году супраць свавольства ўладаў, — піша слухач. — Галадаваў на законнай падставе, на прыступках Міністэрства адукацыі, што побач з Домам ураду. Сваю акцыю я зарэгістраваў у Менскім гарвыканкаме і ў 4-й гарадской бальніцы. Пра мяне пісалі газэты, паказвалі па тэлебачаньні. І мяне, як ні стараліся сагнаць з таго месца ў цэнтры Менску – не сагналі. У апошні дзень галадоўкі Аляксандар Казулін, які быў тады памочнікам міністра адукацыі Міхаіла Дзямчука, вынес мне паперу ад міністра з абяцаньнем, што магу быць прыняты на працу ў шэрагу месцаў Гарадзенскай вобласьці. Словам, мяне абнадзеілі – каб толькі спыніў галадоўку. Далі саўмінаўскую “Волгу” – і выправілі дамоў, далей ад Менску. А на разьвітаньне міністр сказаў: “Ты шмат мне сапсаваў крыві”.

Але ў сапраўднасьці мяне падманулі. А працу я атрымаў толькі на восьмы месяц пасьля галадоўкі”.

У сваім лісьце Іван Цімафейчык падрабязна ўспамінае, якія вядомыя палітыкі наведвалі яго падчас галадоўкі, пр што размаўлялі, хто зь іх стараўся дапамагчы, а хто – толькі рабіў выгляд, што спачувае і дапамагае. На падставе тых сваіх назіраньняў галадоўнік зрабіў шмат высноваў, якімі пры ацэнцы палітыкаў кіруецца і цяпер.

“Вось чаму я не настолькі веру асобным лідэрам – такім, як Грыб, Лябедзька, Калякін, а тым больш – як Казулін,– піша Іван Цімафейчык.– Многія зь іх папросту былі адагнаныя ад уладнага карыта, пры якім ім было так утульна ў тыя часы. А Аляксандар Казулін падчас прэзыдэнцкіх выбараў фактычна аслабіў дэмакратычны рух. Яму б зьняць сваю кандыдатуру на карысьць Мілінкевіча, альбо ўвогуле ў саюзе зь Мілінкевічам байкатаваць выбары. А ён, добра ведаючы пра кволасьць свайго руху, павёў люд, так бы мовіць, “на штурм рэжыму”. Чаго нельга было рабіць.

І ўсё ж я, як былы галадоўнік, супраць галадаючага Казуліна выказвацца ня буду. Я жадаю яму перамогі. Цяпер Казулін правільна ацаніў, што ягоная партыя нікчэмная, а таму ён зьвяртаецца да ААН. Хоць і ААН, і Эўразьвяз слаба дбаюць пра нас. У іх і сваіх праблем хапае”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну.

Гісторыя той Вашай даўняй галадоўкі, спадар Цімафейчык, у сёньняшніх беларускіх умовах выглядае чымсьці неверагодным і фантастычным. Сюжэты па беларускім тэлебачаньні, дазвол на галадоўку ля Дому Ураду, сустрэчы зь міністрамі і дэпутатамі, міністэрская “Волга” для падвозу дахаты... Сёньня падобная спроба выглядала б зусім па-іншаму. Вы і сам гэта разумееце, бо пішаце: “Цяпер мяне за такое, напэўна, пасадзілі б за краты, дый яшчэ і дубінак далі б. Калі толькі ўвогуле ня зьнішчылі б.”

Хутчэй за ўсё, гэтак і здарылася б, спадар Цімафейчык. Прынамсі, тое, што Ваш пікет ля Дому ўраду доўга не прастаяў бы, міністэрскую “Волгу” для таго, каб дабрацца дахаты, Вам не далі б і карэспандэнтаў зь беларускага тэлебачаньня ў турэмную камеру не прыслалі б – гэта дакладна.

І, можа, ня варта дзесяцігодзьдзямі трымаць крыўду на тых палітыкаў, якія тады, у ’90-м годзе, падыходзілі да Вас, спачувалі, цікавіліся Вашымі праблемамі, але зь нейкіх прычынаў ня здолелі дапамагчы так, як гэтага хацелася Вам? З таго часу вельмі многае зьмянілася і ў краіне, і ў людзях.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zhdankovs_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG