Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менск: адкрылася выстава суполкі “Пагоня”, прысьвечаная Дзядам


Галіна Абакунчык, Менск 3 лістапада ў Менску адкрылася выставы да дня памінаньня продкаў — Дзядоў. Арганізавалі імпрэзу сябры мастацкай суполкі “Пагоня”. Выстава праходзіць у памяшканьні сядзібы Таварыства беларускай мовы й будзе дзейнічаць месяц.

Выставу да Дзядоў мастакі суполкі “Пагоня” ў новым тысячагодзьдзі ладзяць упершыню. Раней такое адбывалася толькі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Ад таго часу шэрагі колішняй “Пагоні” парадзелі — ня стала Яўгена Куліка, Пётры Сергіевіча, чые работы таксама пабачаць гледачы. І гэта адметнасьць выставы, кажа адзін зь яе арганізатараў Мікола Купава:

(Купава: ) “Тут выстаўленыя работы, можна сказаць, карыфэяў нашага мастацтва. Прыходзьце, людзі, глядзіце. Будзем памятаць і рабіць усё тое, каб памяць была пра нашых Дзядоў. І пра нашых людзей, якія стваралі Беларусь, яе культуру. І будзем іх услаўляць”.

Мікола Купава прапанаваў на выставу партрэты Кастуся Каліноўскага, Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Партрэты іншых асьветнікаў Беларусі й менскія краявіды прапануюць Аляксей Марачкін, Уладзімер Стальмашонак, а таксама маладыя мастакі. Сябры “Пагоні” кажуць, што пасьля шматлікіх перашкодаў і забаронаў яны нават і не спадзяваліся, што выставу, прысьвечаную Дзядам, можна правесьці ў будынку Палацу мастацтваў ці ў памяшканьнях дзяржаўных установаў. Такую магчымасьць прапанавала грамадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы. Вось як гэта пракамэнтаваў старшыня таварыства Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Дзяржава баіцца гістарычнай памяці, бо баіцца, што будуць параўноўваць. І гэтае параўнаньне будзе не на яе карысьць. Яна хоча, каб гісторыя пачыналася ўжо не з 1917 году, а прыкладна з 1994-га. Але, я думаю, што зь цягам часу ўсё гэта памяняецца і стане на свае месцы. Тым больш што людзі ўжо ведаюць пра Дзяды. Тысячы людзей прыйшлі на могілкі да сваіх блізкіх, было шэсьце ў Курапаты — паглядзіце, колькі там крыжоў стаіць. Цяпер будзе шэсьце да Лошыцкага яру. А дзяржаўнае сьвята Дзяды вернецца, я не сумняваюся”.

Паводле арганізатараў, наступная выстава “Пагоні” будзе прысьвечаная гадавіне Слуцкага збройнага чыну.
XS
SM
MD
LG