Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Начная аБЛОГа. 2 лістапада 2006


Дзьмітры Падбярэскі, Менск

У суполцы Жывога журналу minsk_by працягваецца абмеркаваньне прысуду Зьмітру Дашкевічу. Нехта vaukaluck гэтак адказаў на пытаньне, ці баяцца судзьдзі, калі выносяць такія прысуды: “Ёсьць чаго баяцца. Хаця ад гэтага і не схаваешся ні за браняваным шклом, ні за сьпінамі міліцыянтаў. Спачатку сумленьне павінна пакатаваць, а потым ужо за іх возьмецца — хай і не зараз — народ, ад імя якога яны свае ганебныя прысуды выносяць. Цікава, можа хто ведае, дзе жыве судзьдзя Ала Булаш? Хацелася б паштоўку адправіць, віншавальную”.

У інтэрнэт-суполцы Jazz.Belarus нехта papa_bo распавядае: “На Нямізе а 12 ночы клеім на рэгі-фэст афішы, пад’язджае “бобік”, мы бегчы. Нас дагналі, пасадзілі ў той самы “бобік” і павезьлі. Пратрымалі нас доўга, дапытваліся, што гэтая афіша рэклямуе, што за музыка. У выніку ў пратаколе было напісана “За расклейку рэклямных афішаў на дзень народзінаў адной акардэаністкі”. Аказваецца, ёсьць у нас такі спэцыяльны дэкрэт прэзыдэнта № 1\30 “Вандалізм, псаваньне дзяржмаёмасьці, нелегальная канцэртная дзейнасьць і г.д.”. За гэта можна атрымаць да 5 гадоў. Але мы абышліся штрафамі. Прыкладна па даляраў 200 на чалавека”.

На сайце народных навінаў з усіх куткоў bulletinonline.org Алесь Васількоў паведамляе: “Ад укусаў шэршняў работнік ТАА “Будтрэст №19 трапіў у рэанімацыю Лідзкай бальніцы. А здарылася ўсё ў вёсцы Пяскі, дзе працавалі будаўнікі. Мужчыны атабарыліся ў вагончыку і падчас абеду іх нечакана атакаваў рой шэршняў. Згодна з меркаваньнем Аляксандра Дубаўца, інжэнэра хімічнай і радыяцыйнай абароны, з падобнай позьняй актыўнасьцю крылатых насякомых варта зьвязваць нейкія зьмены ў прыродзе. Цалкам верагодна, што чакаюцца моцныя маразы. Але ж каб у канцы кастрычніка тройчы выяжджаць на вайну з шэршнямі — такога ў практыцы яшчэ не было”.

На сайце www.studenty.by адбываецца чарговае апытаньне на блізкую нам тэму: “Ці вядзеце вы ўласны блог (інтэрнэт-дзёньнік)?” “Так, ужо некалькі год” — 28,8 % ; “Нядаўна завёў” — 33,3 %; “Пляную стварыць” — 6,1 %; “Ня маю і не пляную” — 19,7 %; “А што такое блог?” — 12,1 %”. Тут жа можна азнаёміцца з тым, якіх вытаньняў вы можаце чакаць, калі задумаеце паступаць у Кэмбрыдж ці Оксфард. А пытаньні могуць быць такія: біёлягі павінны патлумачыць адрозьненьні паміж бульбай і цыбуляй, а фізыкі мусяць патлумачыць, чаму немагчыма запаліць сьвечку ў касьмічным караблі.

“Колькасьць сайтаў у Інтэрнэце перавысіла 100 мільёнаў”, — паведамляе сайт telegraf.by Паводле дасьледваньня Netcraft на лістапад 2006 году ў Інтэрнэце налічваецца ўжо больш за сто мільёнаў уэб-сайтаў. За мінулы месяц лік сайтаў павялічыўся на 3,5 млн. і ў цяперашні час складае ўжо 101.435.253. У кастрычніку колькасьць старонак у сусьветным павуціньні складала каля 97,6 млн.”

На сайце 21.by вельмі шмат інфармацыі, у тым ліку пералік сайтаў гарадоў і вёсак Беларусі, спасылкі на мноства ЖЖ-суполак. Мае сайт і такі прыцягальны нюанс: вэб-камэру, якая ўсталяваная ў цэнтры Менску. Кожныя дзьве сэкунды гэты сайт паведамляе аб зьмяненьні вулічнай тэмпэратуры ў Менску.

На заканчэньне — жарт з форуму парталу diva.by: “Жонка — мужу: “Чаму ты ўчора прыйшоў дадому а 5 гадзіне раніцы?” “А куды яшчэ ў гэтым горадзе можна пайсьці а 5 гадзіне раніцы?!”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”.
XS
SM
MD
LG