Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падчыстую хочуць усё разбурыць, каб застаўся бяз портак”


Міхал Карневіч, Горадня У Калоскім парку Горадні на прыватным надзеле зямлі ўжо некалькі дзён разьбіраюць надбудову над гаражом . 3 гады таму суд прызнаў, што прыбудова ўзьведзеная яшчэ за савецкімі часамі незаконная. 80-ці гадовы гаспадар Генрых Юхневіч не перашкаджае працы рабочых, але лічыць, што ўлады несправядліва гэта робяць.

Дом Генрыха Юрэвіча стаіць на ўскрайку Калоскага парку на вуліцы Рабочая, уздоўж ракі Гараднічанкі. 15 гадоў таму спадар Юрэвіч дабудаваў над гаражом некалькі жылых пакояў. 12 гадоў да надбудовы мясцовым уладам не было ніякай справы, а 3 гады таму чыноўнікі заявілі, што яна незаконная (бо, маўляў, знаходзіцца ў прыродаахоўнай зоне) і загадалі разбурыць.

Тройчы Генрых Юхневіч быў у судах, але рашэньні не на ягоную карысьць.

(Юхневіч: ) “Падчыстую хочуць усё разбурыць, каб застаўся бяз портак”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы своечасова не ўзаконілі гэтыя забудовы?”

(Юхневіч: ) “Ведаеце, тады неяк думалася, што гэта маё, бо на маім надзеле зямлі, я плаціў падаткі. Калі пабудаваў, прыехала начальства, паглядзела, атрымаў ад іх штрафы, але самі сказалі, што зарэгіструюць”.

Генрых Юхневіч сумна паглядае то на будаўнікоў, то на мяне. Відаць, што вельмі хвалюецца.

(Юхневіч: ) “Навязьлі міліцыі, быццам я які бандыт альбо тэрарыст, ды яшчэ з пісталетамі. Я ім казаў, хай бы яшчэ амапаўцаў прыслалі”.



Да нас падыходзіць Францішка Юхневіч, гаспадыня. Ёй 82 гады. Адчуваецца, што за гэтыя дні яна вельмі шмат перажыла:

(Францішка Юхневіч: ) “Гэта ж наша ўласнасьць з 37-года, з таго часу ёсьць дакумэнты, а яны толькі ходзяць й крычаць: валіце хутчэй й больш нічога...”

Да нашай размовы далучаецца суседка, спадарыня Валянціна. Яна ведае гаспадароў з 1945 года:

(Валянціна: ) “Гэта нейкае дзікунства! Што чалавек зрабіў дрэннага? Ён жа на сваім надзеле зямлі збудаваў дом. Мы павінны дапамагаць людзям, каб яны жылі прыгожа, заможна, а мы ўсё нішчым, каб ён жыў бедна, як пры Сталіне, пры Хрушчове, як пры кожным правіцелі”.

Па тлумачэньні я зьвярнуўся да выканальніцы абавязкаў старшыні адміністрацыі Ленінскага раёна Горадні Эміліі Бекіш.

(Бекіш: ) “Прынцыповы падыход у нашай Адміністрацыі – дапамагаць людзям, але ў дадзенай сытуацыі дапамагчы нельга...”

Праз паўгадзіны пасьля размовы з Эміліяй Бекіш да Генрыха Юхневіча прыбег пасыльны з Адміністрацыі й перадаў яму паперу. Там напісана, што ён можа ў чарговы раз падаць на рашэньне выканкама ў суд.

(Юхневіч: ) “Гэта ўсё дзеля таго, каб абадраць зь мяне грошы. Апошнюю кроў выпіваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG