Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці. Галіна Гарэцкая


Радыё Свабода Зь Пецярбургу прыйшла жалобная вестка: ня стала дачкі клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Народжаная ў Вільні ў 1921 годзе, яна прайшла з бацькам і маці, дзіцячай пісьменьніцай Леанілай Чарняўскай, усе этапы бальшавіцкіх рэпрэсіяў, але захавала шчырую беларускасьць і рукапісы бацькоў.

Шчасьлівыя Вільня й Менск, ссыльныя Вятка й Пясочнае на Смаленшчыне, сьмяротны бальшавіцкі вырак бацьку, зноў ссыльная Вятка. Перад самай вайной Леаніле Чарняўскай удалося разам зь дзецьмі пераехаць у Ленінград. На фронце гіне брат Лёня, цяжка хварэе маці. Галіна застаецца адзінаю апякункаю сямейных рэліквіяў — рукапісаў бацькоў. Яе стрыечны брат, акадэмік Радзім Гарэцкі, лічыць гэта найвялікшаю заслугай спадарыні Галіны:

(Гарэцкі: ) “Самае галоўнае, што яна зрабіла, гэта захавала спадчыну Максіма Гарэцкага. Вельмі многія яго рэчы, якія мы цяпер ужо ведаем, якія ўжо надрукаваныя, а вось захаваныя рукапісы — яе заслуга. Яна ж была разам з бацькамі ў ссылцы спачатку ў Вятцы, потым у Пясочным на Смаленшчыне… І ўвесь час і пазьней яна захоўвала ўсе гэтыя рэчы”.

Усё жыцьцё выкладаючы ў Пецярбурзе расейскую літаратуру і мову, яна ўразіла веданьнем роднае, калі ў 1980-я пачала друкаваць у беларускай пэрыёдыцы свае ўспаміны пра бацькоў і рыхтаваць да выданьня іхныя рукапісы. Пры гэтым выявіла літаратурныя здольнасьці. Прыгадвае Радзім Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “Алесь Адамовіч, Янка Брыль, некаторыя іншыя нават прапанавалі ёй уступіць у Саюз пісьменьнікаў і падымалі пытаньне зрабіць яе заслужаным дзеячам культуры Беларусі. Але яна вельмі сьціплая і ад гэтага адмовілася”.

Вакол Галіны Максімаўны ў Пецярбурзе гуртаваліся беларускія творцы. Шчырай яе сяброўкай апошніх дваццаці гадоў была паэтка Аўгіньня Кавалюк.

(Кавалюк: ) “Вельмі і вельмі смуткую… Як тут ня ўспомніць словы Івана Антонавіча Брыля, сказаныя хаця і даўно, але вельмі трапна: “Наведвайце яе, бо яна заслугоўвае, каб яе не забывалі”.

Галіны Гарэцкай ня стала 20 верасьня. Яна пахаваная ў Пецярбурзе побач з маці, Леанілай Чарняўскай.
XS
SM
MD
LG